Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 25

Міхась Лынькоў

Так злавіў Міколка апошняга жандара са сваёй станцыі і ўрачыста прывёў яго пад канвоем людзей у дэпо. Усе віталі Міколку, віншавалі з перамогай над ворагам:

— Маладзец, хлопец, па бацьку пайшоў! Лаві іх, супастатаў, усюды, дзе толькі ўбачыш!

Так пачалася свабода, рэвалюцыя, і такі ўдзел браў у ёй наш Міколка. А праз колькі дзён у Міколкавай сям’і было вялікае шчасце. Нечакана прыехаў бацька. Ён быў страшэнна худы, зжаўцелы, увесь аброс барадой. Але колькі было радасці ў яго, весялосці. Ён усіх абдымаў, цалаваўся з усімі рабочымі, якія цэлымі гурмамі прыйшлі да яго з дэпо. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці.

— Цяпер, браткі, не да гасцявання! — жартаваў бацька. — Не доўга і прагасцявацца… Буржуі перапалоханы насмерць, хочуць на свабоду ланцуг накінуць…

Бацька так і зашыўся адразу ў работу. Жыць пераехалі назад, у родны вагон. Прыходзіў зноў той «буржуй», з дэпо, які калісьці знішчыў Міколкаву карцінную галерэю. Ён загадаў пафарбаваць вагон, падправіць дах, змяніць некалькі дошак у падлозе. Ён бегаў навокал бацькі, як на калёсіках, і ўсё пытаў:

— Можа, гэта падправіць, можа, лепшую печачку паставіць?

Бацька моршчыўся нечага, не адказваў. Потым не сцярпеў, крыкнуў:

— Адчапіся ты, чаго прыліп як банны ліст… Нешта раней ты не ліп да нашага брата… Зрабі вось, каб было па-людску.

«Буржуй» хадзіў як на задніх лапках. Гаварыў лісліва:

— Вы ўжо старое не памінайце: што было, таго няма. А мяне вось рабочыя прыціскаюць. Хочуць пад суд аддаць… Нібы я іх прыцясняў калісьці, нібы за крадзеж дом паставіў і на іхнія капейчыны квапіўся. А вы цяпер вялікі чалавек, паважаны чалавек. Недарэмна рабочыя хочуць за камісара паставіць над участкам… Дык вы ўжо абараніце хаця.

— Вон! — не сцярпеў тут бацька. Ды Міколка паддаў жару:

— Ідзі, ідзі, погань буржуйская… Бач, хвост падцяў, калі на лапы наступілі.

«Буржуй» пакінуў вагон.

А жыццё зноў стала вельмі трывожнае. На свабоду спакушаліся тысячы ворагаў. Буржуі не хацелі даваць уладу рабочым, бальшавікам, сярод якіх быў Міколкаў бацька. Часцяком даводзілася яму хавацца, каб не папасціся ў лапы буржуяў, афіцар’я. Але Міколка бачыў, што бальшавікі над усімі маюць перавагу. Усё дэпо ішло за імі, усе рабочыя дбайна ахоўвалі сваіх бальшавікоў ад буржуазнага ўрада Керанскага. Усе ішлі насупроць гэтага ўрада, не выконвалі яго распараджэнняў, псавалі вагоны, паравозы, не давалі іх пад пагрузку войскаў на фронт.

І толькі ў Кастрычніку свабодна ўздыхнулі рабочыя. Улада перайшла канчаткова да іх.

— Цяпер, браце, наша свята! — сказаў бацька Міколку. — Цяпер паравозы нашы, дарогі нашы, дзяржава наша. І каб толькі не ворагі — жыць бы нам ды пажываць, на працу сваю любавацца.

Бацька быў цяпер камісарам цэлага ўчастка дарогі і часта аб’язджаў яго, бываў на розных станцыях. Па старой звычцы ён не ездзіў у вагоне, а падсаджваўся на паравоз якога-небудзь цягніка і так рабіў свае аб’езды, арганізуючы рабочую ўладу на станцыях, па дэпо, па чыгуначных лініях.