Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 22
Міхась Лынькоў
— Што ты робіш, чалавеча, на зіму людзей выганяючы на холад? Сягоння іх, а заўтра нас выганяць будзеш?
— Адыдзі, а то ўраз і цябе арыштую… — агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.
— Знайшлі ў кім совесць шукаць! Ці была яна калі ў сабакі… — гаварылі адны. А другія ўжо грозна наступалі на жандара. Яны былі гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкі, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.
Тады падняўся дзед, які сядзеў увесь час на разбітым тапчане і сумна пазіраў на народ. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў:
— Кіньце, людцы, гэтага сабаку… Не ў ім жа справа… Не выганіць ён мяне сягоння, дык заўтра іх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькі непрыемнасці можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за іх людзі, яны разумеюць чалавечую справядлівасць. Калі сына забралі гэтыя сабакі, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы і хто вінаваты… А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.
Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлівасць, верыў крыху ў цара.
— Не можа быць, каб ён дапускаў такія непарадкі, калі чалавека за нівошта садзяць у турму.
Прадаўшы сёе-тое з манаткаў і надзеўшы свае медалі, ездзіў ён да вышэйшага жандарскага начальства хадайнічаць аб сыне. Але прыехаў вельмі пахмуры і расчараваны. Здзеў медалі свае, Міколку кінуў:
— На, унучак, хавай са сваімі гузікамі — бліскучыя цацкі будуць…
І, дастаўшы з кішэні паперу, чытаў яе Міколкавай мацеры. То быў прысуд над бацькам Міколкі. Па «загаду яго імператарскай вялікасці» быў засуджаны Міколкаў бацька на дзесяць год катаргі.
— «Яго імператарскай вялікасці»… — мармытаў паціху дзед. — Погань гэта, а не вялікасць… А я думаў…
Шмат аб чым перадумаў дзед. Жылі цяпер у невялічкім хлеўчуку, складзеным са старых шпал. Гэты хляўчук аддаў ім пад жыллё адзін стрэлачнік. Дзед хадзіў кудысьці на работу, ці то пілаваць, ці то складаць дровы. Маці хадзіла таксама на падзённую работу: то мыла чужую бялізну, то падлогі, то прыбірала двары ў багатых дамах. Часта пытаўся Міколка, за што ж пасадзілі бацьку. Але ніхто не мог адказаць яму дакладна і падрабязна. Ведаў толькі, што бацька яго палітычны злачынца, а ў чым гэтае злачынства, ніяк не мог ён толкам дабраць. Хіба ж злачынства ў тым, што ён кіраваў забастоўкай і хацеў, каб рабочым плацілі болей, каб ім лепш жылося? Якое ж у гэтым злачынства, хіба за гэта трэба людзей садзіць за краты?
Худое жыццё настала для Міколкі. Некаму было і «зайцавым хлебам» пачаставаць. Часта яшчэ, учуўшы знаёмы гудок паравоза, кідаўся спрасонку Міколка да маці:
— Стаў самавар, мама, бацька едзе!
Але ставіць самавар не было патрэбы, і маці ўгаворвала Міколку:
— Спі, сынок, спі… Бацькаў цягнік яшчэ далёка, далёка.
Дні цягнуліся за днямі, шэрыя, нудныя, халодныя. Толькі і было шчасця, калі прыходзілі некаторыя рабочыя, суцяшалі маці і дзеда:
— Не гаруйце, усё пройдзе, усё мінецца, будзе свята калі-небудзь і на нашай вуліцы… Не ўсё ж ім ды ім.
Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі. То грашыма, то дроў прыстараюцца, то змайструюць печку чыгунную, каб не так даймаў холад. І тады рабіўся весялейшы дзед, жартаваў з Міколкам, падбадзёрваў яго: