Читать «Міколка-паравоз» онлайн - страница 26
Міхась Лынькоў
А ворагі не хацелі здавацца. Яны збіралі ўсе сілы, каб загубіць рабочую дзяржаву, каб зноў аднавіць стары лад у краіне. Насоўваліся цяжкія дні.
Міколка вызваляе бальшавікоў
Ужо з тыдзень хадзілі чуткі, што набліжаецца нямецкае войска.
Рабочыя дэпо рыхтавалі лепшыя паравозы, каб не пакінуць іх немцам. Міколкаў бацька раіўся з другімі рабочымі, што рабіць: ці ваяваць з немцамі, ці пусціць іх без бою. Але паступілі і пэўныя ўказанні, каб не адкрыць бойкі, не рабіць кровапраліцця, бо што могуць зрабіць рабочыя з узброенымі да зубоў палкамі Вільгельма. Ды трэба было памятаць і аб Берасцейскім міры, расказаць аб ім рабочым і сялянам. Трэба было быць гатовым для падпольнай работы сярод нямецкіх салдат, каб зрабіць іх салдатамі-рэвалюцыянерамі.
Меркавалі, што немцы прыйдуць праз дні два, праз тры. Але яны з’явіліся ноччу зусім нечакана. Відаць, знайшоўся здраднік на суседняй станцыі і не папярэдзіў аб адпраўцы нямецкіх эшалонаў.
Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. То ганяліся немцы за бацькам, які ў адной сарочцы выскачыў праз акно і адстрэльваўся ад салдат. Бацьку ўдалося ўцячы, ён паспеў дабегчы да вялікіх штабеляў дроў і схавацца там да вечара. І толькі раніцай наступнага дня, калі ішлі рабочыя ў дэпо, бацька непрыкметна зайшоў у вагон. Страшна ўзрадаваліся маці і Міколка. Яны чулі, што арыштавана і пасаджана ў пакгаўз цэлая група рабочых-бальшавікоў, і нічога не ведалі, ці жывы яны, ці пабіты, ці ёсць сярод іх Міколкаў бацька. Аж заскакаў ад вялікай радасці Міколка, але бацька абурыўся на яго:
— Цішэй ты, скакун! Яшчэ немцы пачуюць, ураз прыйдуць сюды… А цяпер бывайце… Даводзіцца, як бачыце, хавацца… Арыштоўвалі, відаць, па спіску, нейкі гад пастараўся для немцаў спісак скласці ўсіх тых, хто быў найбольш актыўны… Ну, не сумуйце ж, не вечна тут немцы будуць.
І толькі бацька нагу на парог паставіў, як падбегла ўсхваляваная маці, на акно паказала:
— Пачакай, вунь ідзе адзін з начальнікаў дэпоўскіх, каб не ўгледзеў яшчэ часам.
Да вагона набліжаўся той самы «буржуй», з якім былі ў Міколкі неаднаразовыя сутычкі і які загадваў жыллёвымі вагонамі дэпо. Ён ішоў проста да вагона. Міколкаў бацька зайшоў за полаг і схаваўся там. Неўзабаве зайшоў «буржуй», не вітаючыся, важна рассеўся на зэдліку, нахабна азіраючы ўсё навокал…
— Ну што ж, вітаю вас, вітаю! Накамісарстваваліся, значыць, здаволіліся…
Маўчала маці, маўчаў Міколка, не ведаючы, да чаго хіліць гэты чалавек.
А той сядзеў, азіраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. І ўрэшце загаварыў:
— Сказ мой будзе кароткі… Не ўсё ж у камісарах хадзіць ды другімі камандаваць. Расправяцца вось цяпер немцы з вашым камісарам. Паслухайце цяпер і майго загаду — у дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэтую кватэру, і каб духу вашага тут не было… Хоць да д’ябла! А не паслухаеце — штыкамі выпарам, бо, дзякаваць Богу, ёсць цяпер каму за парадкам сачыць… Дык жыва ж… — разышоўся ваўсю «буржуй», і аж тлустая яго шыя пачырванела і заскакаў тлусты падбародак з барадаўкамі, з рудай шчацінай. І раптам «буржуй» змоўк, абмяк, нібы костка яму ў горла папала ці нечакана паляруш стукнуў. Перад ім стаяў бацька, які выйшаў з-за полага. Бацька прыставіў «буржую» рэвальвер да лба і гаварыў ціха, але так, што чуў і Міколка: