Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 8

Анатоль Астапенка

Племя, такім чынам, тэрмін блізкі да паняцяў «народ», «этнас» і «нацыя» (аб этнасе і нацыі мы будзем гаварыць ніжэй), а галоўным адрозніваннем ад іх з’яўляецца тое, што «племя» арганізацыя людзей дакласавага грамадства. Аб блізкасці і частай блытаніне паміж разглядваемымі тэрмінамі гаворыць, напрыклад, наступны факт. Першая назва артыкула К. Лявонцьева «Племенная политика как орудие всемирной революции» была іншай «Национальная политика…» і далей усё як у папярэднім тэрміне.

г) Этнас. Этнас — гэта супольнасць людзей аб’яднаных агульнасцю мовы, культуры, традыцый, адзіным менталітэтам і агульнасцю паходжання. Прыведзенае азначэнне з’яўляецца агульнапрынятым, і ў адрозненне ад больш шырокіх паняццяў — «народ» і «нацыя», — іншых трактовак не мае.

Этнас галоўная складаючая такой супольнасці людзей як нацыя. Аднак паняцце нацыі не абмяжоўваецца толькі прысутнасцю аднай этнічнай групы, бо ў нацыю — мы будзем гаварыць аб гэтым ніжэй — можа ўваходзіць некалькі этнасаў.

Яшчэ адна важная асаблівасць этнаса: этнічныя супольнасці не абявязкова маюць адзіную тэрыторыю пражывання. Іх прысутнасць не абмяжоўваецца адзінай дзяржавай.

З другога боку ў адной дзяржаве можа суіснаваць некалькі этнасаў. Найбольш характэрнымі прадстаўнікамі такіх краін з’яўляюцца супердзяржавы — ЗША, Расія, Кітай і іншыя імперыі мінулага. Ува ўсіх гэтых краінах у пэўныя перыяды выяўлялася адна агульная рыса — прысутнасць этнічных канфліктаў унутры асобна ўзятай дзяржавы. І гэтыя канфлікты заўсёды з’яўляліся дэстабілізуючым фактарам, выклікалі і выклікаюць напружанасць у грамадстве. Яны былі адной з галоўнейшых прычын распаду імперый — Брытанскай, Расійскай, Аўстра-Венгерскай і інш.

Раней лічылася, што этнічная прыналежнасць, этнас як з’ява, звязаны з дагістарычнымі ступенямі развіцця, з прымітыўнай сацыяльнай арганізацыяй. Таму меркавалася, што з развіццём прагрэсу, з уваходжаннем чалавецтва ў вышэйшыя ўзроўні цывілізацыі ўсе этнічныя праблемы і адносіны знікнуць.

Аднак жыццё паказала, што гэта зусім не так. Наадварот, апошнія значныя палітычныя працэсы ў свеце праходзяць менавіта пад знакам этнічных канфліктаў. О. Хейслер піша: «Можна зразумець палітычныя, эканамічныя і культурныя правы этнічнай салідарнасці, калі адмовіцца ад простай ідэі развіцця, згодна з якой — чым сучасней становіцца грамадства, тым менш відавочней і менш важнай павінна быць этнічнасць у гэтым грамадстве. Таму што ўва многіх выпадках дзейнасць у імя якой-небудзь групы, здаецца ўяўляе сабой разумную рэакцыю (нават мэтанакіраваную стратэгію з боку асобных людзей і груп) на абставіны, што складваюцца ў сучасных грамадствах».