Читать «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце» онлайн - страница 7

Анатоль Астапенка

б) Народнасць. Тэрмінам больш дакладным чым народ, які таксама характарызуе нейкую сукупнасць людзей, з’яўляецца паняцце народнасці. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі так вызначае гэты тэрмін: «Народнасць — моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей пераважна рабаўладальніцкай і феадальных эпох. Утварэнне народнасці непасрэдна папярэднічала перыяду ўзнікнення нацый». Гэта «пранацыя» мінулага. У Кіеўскай Русі, напрыклад, насельніцтва складала народнасць, якую цяпер называюць «старажытнаруская народнасць». У часы ВКЛ продкі сучасных беларусаў складалі народнасць, якая мела некалькі назваў. Гэта: русіны (часы Ф. Скарыны — XVI cт.), ліцвіны (Заходняя Беларусь і частка Міншчыны) а ў больш пазнейшыя часы (ХІХ — ХХ ст.) мелі, нават, саманазву «тутэйшыя». Толькі ў сярэдзіне ХVII стагоддзя пад час Польска — Расійскай вайны на Магілёўшчыне з’явілася асобнае войска з адмысловай назвай «полк беларускі». Узначальваў гэтае войска Канстанцін Паклонскі. Мікола Ермаловіч менавіта з гэтай постаццю беларускай мінуўшчыны і звязвае пачатак афіцыйнай назвы, як народнасці ў ВКЛ, а краю, што яны насяляюць — Беларусь.

Д. А. Хамякоў, публіцыст і філосаф канца ХІХ ст., аўтар знакамітай кнігі «Православие, самодержавие, народность», фактычна, ставіў знак роўнасці паміж народнасцю і нацыяй, хаця паміж імі, як мы паспрабуем паказаць, існуе прынцыповая розніца. У народнасці Хамякоў бачыў два бакі — станоўчы і адмоўны. Да першага кшталту адносіцца тое, што народнасць — гэта сукупнасць людзей, дзе асоба чалавека мае магчымасць праявіцца, але з другога боку народнасць перашкаджае чалавеку аднаасобна праяўляць сябе. Д. А. Хамякоў адмаўляе касмапалітычны погляд на народнасць, як на перашкоду гармоніі асобы; лічыць, што чалавецтва імкнецца не да падаўлення, а ўмацавання пачаткаў народнасці: «Чем существо стоит выше по лестнице развития, тем индивидульность более подчёркивается, постепенно переходя от открытого, высшего разделения какой-нибудь пратоплазмы или умозрительной молекулы к тем всё более и более личным внешним и психическим особенностям, которые доходят до высшей степени в человеке и в человечестве и, наконец, разрешаются в той высшей трансцендентной индивидуальности».

Асэнсаванне народнасці Хамяковым вельмі блізкае да сучаснага паняцця нацыі, якое ў наш час цалкам выціснула свой прататып. Але перш чым сфармуляваць сутнасць сучасных прадстаўленняў аб тэрміне «нацыя» неабходна разгледзець блізкі, але больш дакладны тэрмін «этнас».

в) Племя. Тэрмін племя доўгі час выкарыстоўваўся ў сэнсе «народ», «этнас». Беларуская энцыклапедыя дае такое азначэннне: «Племя, тып этнічнай і сацыяльнай арганізацыі дакласавага грамадства. Племяныя супольнасці ўзніклі ў эпоху развітога родавага грамадства ў выніку аб’яднання некалькіх экзагамных родаў, звязаных агульнасцю этнагенетычнага паходжання, асновамі элементаў гаспадаркі, звычаяў і абрадаў, міфалогіі і культаў, адзінствам дыялекту і племянной саманазвы, якія грунтаваліся на агульнай самасвядомасці».