Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 4

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

- У нас тут учора замежнікі пасяліліся, - па сакрэту паведаміў швайцар. Ён казаў гэта так, быццам замежнік – гэта нешта асаблівае. Такім тонам паведамляюць пра прыезд прэзідэнта ці, як мінімум, эстраднай зоркі.

- Турысты? – спытала Вынтэнэ.

- Што вы?! Навукоўцы!

- У вас тут навука разьвітая?

- Ну, разьвітая ня разьвітая, для іхнай навукі тут самае месца.

- Што ж гэта за іхная навука? – з’едліва сказала Вынтэнэ.

Але швайцар не зразумеў іроніі..

- Этнаграфія, - патлумачыў ён. – Ездзяць па ўсёй акрузе і маскавітаў вывучаюць. Самі яны з Літвы, а для літвінаў маскавіты – як для нас каракі.

- Літвіны?

- Літвіны. Мы ж, ведаеце, на мяжы. Вунь, за Ржэвам ужо й Літва.

Літвінаў было трое - два мужчыны і маладая жанчына.“Неяк мала для экспедыцыі” – падумала Вынтэнэ. Яны былі высокімі – на галаву вышэй за сярэдняга чукчу. Ну і, вядома ж, сьветлавалосыя і блакітнавокія – проста як тубыльцы зь дзіцячых кніжак. Сярэдні анадырац наўрад ці адрозьніў бы іх ад маскавітаў і эрзанцаў – пра якіх, зрэшты, таксама нічога ня ведаў.

Вынтэнэ падышла.

- Добры дзень, - сказала яна.

- Дзень добры, - адказалі ёй. – Якую ласку можам зрабіць пані?

- Вы этнографы?

- Так, мы этнографы, - адказаў адзін з мужчынаў. – З Менскага ўнівэрсытэту мы прыехалі сюды. Нашага побыту на Чукотцы мэта – даследваць малых карэнных народаў культуру і традыцыі. Напрыклад, мы працуем у праекце навуковым па маскавітаў вывучаньню.

Ён гаварыў па-чукоцку з моцным акцэнтам. Старанна падбіраючы словы – быццам баяўся памыліцца.

- Мяне – завуць – Вінтэнэ, - знарок павольна прадставілася дзяўчына. – Я – журналістка, прыехала – сюды – з - Анадыру.

- Я сябе называю Ўладзімер Радкевіч, - сказаў мужчына. – Вельмі прыемна мне заключыць знаёмства з Вамі.

- Мне таксама вельмі прыемна. Разумееце, я рыхтую рэпартаж пра маскавітаў. Хацела сустрэць сапраўдных, некранутых цывілізацыяй. А тут, у Маскве, такіх не засталося. Яны тут усе асіміляваныя.

Літвіны маўчалі.

- Вазьміце мяне, калі ласка, з сабой, у экспедыцыю., - папрасіла нарэшце Вінтэнэ.

- Вы, калі разумею правільна Вас, просіце каб паехаць з дасьледчай групай нашай?

- Так, - сказала Вынтэнэ. – Вазьміце мяне, я ня буду вам перашкодаю…

Літвіны пачалі спрачацца пра нешта на сваёй мове. Вынтэнэ нічога не разумела. Яна адчувала сябе маленькай дзяўчынкай, якая ўслухоўвалася ў размовы дарослых.

У размове раз за разам праскоквала слова “kava”.

Нарэшце літвіны прыйшлі да адной думкі. Уладзімер выступіў парлямэнцёрам.

- Мы ў момант сапраўдны не яшчэ едзем, - пачаў ён. – Магчыма здарыцца, экспедыцыя наша што будзе адкладзена. Аднак няма перашкоды нам з Вамі ніякай зрабіць пажаданае знаёмства. Мае таварышы, і я таксама, каву ідзем піць зараз. Пані хоча калі, да нас вітаем далучыцца.

“Дзе яны чукоцкую вучылі?” – раздражнёна падумала Вынтэнэ. І тут жа ёй зрабілася сорамна за такія думкі. “Я нічым ня лепшая за шавіністаў з Анадыру, -падумала яна. – Людзі прыехалі з-за мяжы, намагаюцца гаварыць па-нашаму… А я ня тое што літвінскай ня ведаю – я нават эскімоскую як трэба не засвоіла!”