Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 3

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

У купэ зазірнула правадніца.

- Мы ўжо пад’яжджаем, - паведаміла яна. – Праз паўгадзіны зачыняю прыбіральні.

Масква расчаравала Вынтэнэ. Пасьля Анадыру, зь ягонымі ярангамі на сорак паверхаў, падвеснымі аўтадарогамі, падземным цягніком да Канчалану, местам яе не назавеш. Хутчэй, мястэчка, ці, нават, сяло. Насельніцтва - тысяч дзесяць, ня больш. Увесь цэнтр забудаваны панэльнымі пяціпавярховікамі. Пасярэдзіне – бясформенная яранга мясцовай рады – “парляманту” Маскоўскай аўтаномнай акругі. Што ў ёй такога “аўтаномнага”, было незразумела. Звычайная адміністрацыйная адзінка, як дзясяткі іншых. Ды й мінакі на выгляд мала чым розьніліся ад жыхароў Цюмені або Чыты.

Дзе, Вынтэнэ, тое баечнае места, якое ты так часта сьніла? Экзатычнае і шумнае, з бярвенчатымі "ізбамі"… На вуліцах белабрысая круглавокая дзятва водзіць “карагоды” і грае ў “чахарду”. Жанчыны ў “какошніках” сьпяваюць працяжныя песьні. А мужчыны ў “картузах” сядзяць на прызьбе і граюць на балалайках. Дзе тая Масква, у якую ты верыла? Яе няма. А можа ніколі і не было. Перад Вынтэнэ звычайны раённы цэнтр. Ня больш і ня менш. Хоць зараз жа вяртайся назад!

На вакзале яе сустракалі.

- Я Кэленкеў, - прадставіўся мужчына гадоў пад сорак. – Даручылі цябе сустрэць.

- Вынтэнэ, - сказала дзяўчына.

- Ведаю, ведаю. Журналістка. Прыехала пра маскавітаў пісаць. Нам у адміністрацыю патэлефанавалі, папярэдзілі…

Кэленкеў панёс валізу да машыны.

- Нам тут побач, - прыгаворваў ён. – Маглі б нават пехатою…

- Скажыце, а дзе знайсці маскавітаў? – спытала Вынтэнэ.

Ды дзе заўгодна! Тут, у месьце, іх тысячы тры. Бяры інтэрвію колькі хочаш!

- Я сапраўдных шукаю, разумееце? Такіх, каб у "ізбах" жылі, коней пасьвілі, па-маскоўску гаварылі…

- Дзікуноў хіба? – зьдзівіўся Кэленкеў. – Ды гэткіх няма цяпер. Не засталося. Усе ў інтэрнатах вучыліся, усе па-чукоцку шпараць. На матацыклах ездзяць, пра коней забыліся.

- То я дарма прыехала?

- Ну чаму ж? У нас ёсьць цудоўны народны ансамбль. “Валенкі” называецца. У іх там і строі маскоўскія, і сьпевы на тутэйшую музыку, і спектаклі. Усё на чукоцкай, усё зразумела. А яшчэ краязнаўчы музэй…

- Вы мяне ня так зразумелі, - перабіла Вынтэнэ. – Я сапраўдных маскавітаў шукаю, не чукотызаваных. Тых, што сьпяваюць на маскоўскай гаворцы.

Кэленкеў паціснуў плячыма.

Ну, дачушка, калі табе экзотыка патрэбна, - едзь у вёску.

- Я вам не дачка і прашу зьвяртацца да мяне на “Вы”, - Вынтэнэ не любіла фамільярнасьці.

- Ох ужо гэтыя анадырцы, - прабурчэў сабе пад нос Кэленкеў.

Вынтэнэ зрабіла выгляд, што не пачула. Іншагароднія ня любяць анадырцаў, лічаць іх снобамі. Звычайны комплекс жабрака адносна забясьпечанага. А чым, як не галэчаю, ганарыцца немаладому мужчыне з правінцыі?

- Прыехалі, - буркнуў Кэленкеў, - вось ён, гатэль.

***

Гатэль “Масква” аказаўся ўтульным. А для правінцыі нават “шыкоўным”. У кожным нумары – асобны душ і прыбіральня. Ложкі запраўленыя ахайна. Вокны вялікія, са шторамі. Каб яшчэ краявід за вокнамі памяняць…