Читать «Маскоўская Аўтаномная Акруга» онлайн - страница 2

Сяргей Іванавіч Тымнэтыкай

- Купіў маскавіт распушчальную каву. Чытае інструкцыю: “Вазьміце чайную лыжку кавы…” Сыпле каву сабе ў рот. “Заліце кіпенем…” Ліе сабе ў горла кіпень. “Памяшайце…” Круціць жыватом. А потым скардзіцца: “Вох, і прыдумаюць жа гэтыя чукчы!”

- Гы-гы-гы! – адгукнуліся спадарожнікі.

Вынтэнэ ўціснулася ў верхнюю лаўку. Хацелася сказаць ім штосьці рэзкае. Хаця навошта? Яны ўсё роўна не зразумеюць. Адкуль ім ведаць, што да 1641 года маскавіты лічыліся ўмелымі ваярамі? Што іх баяліся ня толькі суседнія народы, але нават каракі і юкагіры? Ды што там! Нават чукчы не адразу здолелі ўтаймаваць іх….

- Маскавіт-пастух убачыў машыну. Падыйшоў, прыгледзеўся… Кранае покрыўкі і кажа: “Гума!” Кранае пярэднюю шыбу – “Скло!”

Дакрануўся да выпускной трубы – “Самец!”

Здавалася што купэ трэсьне ад рогату. Усе паглядзелі ў бок Вынтэнэ – як баба адрэагуе?

Вынтэнэ ўдавала, што спіць. Больш за ўсё яна баялася, каб мужыкі не пачалі чапляцца. Іх тры, а яна – адна. Хто ведае, што ім прыдзе да галавы. Але спадарожнікі аказаліся адэкватнымі. Распавялі яшчэ колькі показак і паваліліся спаць. У Казані яны сышлі. Вынтэнэ засталася ў купэ сама.

***

За Ўладзімірам адчулася, што Масковія блізка. За вокнамі з’явіліся першыя статкі кароў. Каровы пасьвіліся, быццам звычайныя алені. Як на малюнках у дзіцячай кніжцы пра Эўропу!

Вынтэнэ ўпершыню бачыла іх у такой колькасці. У анадырскім заапарку жыла некалькі пар кароў – старэнькіх, аблезлых і прастылых. Іх было шкада. Не да веры было, што гэтыя гаротныя істоты здолелі б выжыць па-за вальерам… Але вось жа яны, проста за вакном!

Вынтэнэ зачароўвалі краявіды крайняй Чукоткі. Усе гэтыя гаі экзатычных дрэваў, лугі, пакрытыя дзівоснымі краскамі, ненатуральна цёплыя рэкі…

Цікава, як выглядалі гэтыя мясьціны трыста гадоў таму? Мабыць тут быў непраходны лес. З ваўкамі, мядзьведзямі і рысямі… А сярод бярозаў нячутна краліся паляўнічыя-маскавіты. За плячыма прымітыўны мушкецік, а ў рукох завостраная алебарда. Паляўнічы робіць ёй надрэз на кары і на зямлю ліецца чысты, быццам сляза, бярозавы сок. Маскавіт прыпадае ртом да разрэзу і п’е. Менавіта бярозавым сокам маскавіты аднаўлялі мужчынскую моц. “Дзе ж я гэта чытала?” – падумала Вынтэнэ. Здаецца, ў сьведчаньнях першапраходцаў. Яны яшчэ заспелі старажытныя звычаі тубыльцаў.

Страшна падумаць, што зрабілі чукчы з гэтым некранутым краем! Лясы павысяканыя пад корань, рэкі забруджаныя прамысловымі адкідамі…

А тубыльцы, былыя гаспадары гэтых мясцінаў? Сагнаныя і асіміляваныя. Пазабываныя традыцыі продкаў, пазабываныя народныя рамёствы. Нават маскоўская мова выціснутая з ужытку – паўсюль чуецца толькі адна чукоцкая.

Часам Вынтэнэ робіцца сорамна. Сорамна за краіну, за суайчыньнікаў… Продкі Вынтэнэ былі ваярамі. Яны асабіста прымалі ўдзел ва ўтаймаваньні Масквы і Казані. Нападалі на стойбішча тубыльцаў, кралі быдла, забівалі мужчын, гвалцілі жанчын… Цяпер пра гэтае стараюцца не згадваць. У школьных падручніках пішуць, быццам Масква дабраахвотна ўвайшла ў склад Чукоткі. І дзеці вераць. Бо цяжка ўявіць, каб сьмешны няўклюдны маскавіт – герой показак – мог, ці схацеў супрацьстаяць чукчам. Ён жа толькі і ўмее, што паўтараць: “Мая ведай, наш сталіца – Анадыр! Мая жадаць шмат вучыцца, каб быць, як чукча!”