Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 4

Міхаіл Булгакаў

— Хопіць пакуль што… — Пан гаварыў коратка, быццам загадваў. Ён нахіліўся да Шарыка, уважліва паглядзеў яму ў вочы і нечакана правёў рукой у пальчатцы інтымна і ласкава па Шарыкавым жываце.

— А-а, — шматзначна прамовіў ён, — няма аброжка, ну вось і цудоўна, ты мне і патрэбны. Пайшлі са мной. — Ён пстрыкнуў пальцамі. — Фіць-фіць!

Ісці за вамі? Ды на край свету. Давайце ногца мне вашымі фетравымі ботамі, я і слова не скажу.

На ўсёй Прачысцінцы ззялі ліхтары. Невыносна балеў бок, але Шарык часам забываў пра яго, заняты адной думкай — як не згубіць у штурханіне дзівосны прывід у футры і як хоць чым-небудзь выказаць яму любоў і адданасць. І разоў сем на працягу Прачысцінкі да Абухава завулка ён яе выказаў. Пацалаваў у бот, ля Мёртвага завулка расчысціў дарогу і дзікім выццём напалохаў пані гэтак, што яна аж села на тумбу, разоў са два падвыў, са шкадаваннем да самога сябе.

Нейкі свалатлівы, пад сібірскага зроблены кот-валацуга вынырнуў з-за сцёкавай трубы і нават у мяцеліцу ўчуў пах кракаўскай. У Шарыка аж уваччу стала цёмна ад думкі, што багаты дзівак, які падбірае параненых сабак у падваротнях, чаго добрага, і гэтага зладзюгу забярэ з сабой, а тады давядзецца падзяліцца массельпромаўскім вырабам. Таму на ката ён гэтак кляцнуў зубамі, што той зашыпеў, як дзіравы шланг, і ўзляцеў па трубе аж да другога паверха. Ф-р-р-р… гаў! Вон! Не набярэшся Массельпрома на ўсякіх абарванцаў, якія шляюцца па Прачысцінцы.

Пан ацаніў адданасць і ля самай пажарнай каманды, з акна якой чуваць было прыемнае буркатанне валторны, узнагародзіў сабаку другім кавалкам, меншым, залатнікоў на пяць.

Эх, дзівак. Прыманьвае мяне. Не хвалюйцеся! Я і сам нікуды не ўцяку. За вамі буду рухацца, куды ні загадаеце.

— Фіць-фіць-фіць! Сюды!

У Абухаў завулак? Калі ласка. Нам цудоўна вядомы гэты завулак.

— Фіць-фіць! Сюды? З задавальненнем… Э не, выбачайце. Не. Тут швейцар. А горш за гэта нічога няма на свеце. Намнога разоў небяспечней, чым дворнік. Зусім ненавісная парода. Горш, чым каты. Жывадзёр у пазуменце.

— Ды не бойся ж ты, ідзі.

— Здравія жалаю, Піліп Піліпавіч.

— Добры вечар, Фёдар.

Во гэта — асоба. Божачкі, на каго ж ты нанесла мяне, сабачая доля! Што гэта за фігура такая, што можа сабак з вуліцы прыводзіць паўз швейцара ў дом жыллёвага таварыства? Паглядзіце, гэты падлюга — ні гуку, ні руху! Праўда, у вачах у яго пахмура, але наогул ён раўнадушны пад аколышам з залатымі галунамі. Быццам гэтак і павінна быць. Паважае, паны, як паважае! Ну, а я з ім і за ім. Што, зачапіў? Выкусі. Вось бы цімануць за пралетарскую мазолістую нагу. За ўсе здзекі з нас. Швабрай колькі разоў морду калечыў маю, га?

— Ідзі, ідзі.

Разумеем, разумеем, не турбуйцеся, калі ласка. Куды вы, туды і мы. Вы толькі дарогу паказвайце, а я ўжо не адстану, хоць і бок у мяне страшны.

З лесвіцы ўніз:

— Пісем мне, Фёдар, не было?

Знізу на лесвіцу з пашанай:

— Ніяк не, Піліп Піліпавіч (інтымна напаўголаса ўздагон), — а ў трэцюю кватэру жылтаварышаў усялілі.

Паважаны сабачы дабрадзей крута завярнуўся на прыступцы, перагнуўся цераз парэнчы і з жахам спытаў: