Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 6

Міхаіл Булгакаў

За ружовым шклом успыхнула нечаканае і радаснае святло, яшчэ больш адцяніла чорную картачку. Дзверы зусім нячутна адчыніліся, і маладая прыгожая жанчына з белым фартушком і ў карункавай наколцы паўстала перад сабакам і яго гаспадаром. Першага з іх абдало цяплом, і спадніца жанчыны запахла, як ландыш.

«Во гэта факт, гэта я разумею», — падумаў сабака.

— Калі ласка, пан Шарык, — іранічна запрасіў пан, і Шарык з глыбокай пашанай зайшоў, памахваючы хвастом.

Мноства прадметаў запаўняла багатую прыхожую. Адразу ж запомніліся люстра да самай падлогі, якое адлюстравала абтрапанага і абарванага Шарыка, страшныя аленевы рогі на вышыні, безліч футраў і галёшаў і апалавы цюльпан з электрычнасцю пад столлю.

— Дзе ж вы такога ўзялі, Піліп Піліпавіч? — усміхалася і пытала жанчына, памагала здымаць цяжкае футра з чорна-бурай лісіцы з сіняватай іскрынкай. — Бацюшкі! Які паршывы!

— Глупства кажаш. Дзе паршывы? — строга і коратка спытаў пан.

Без футра ён аказаўся ў чорным касцюме з ангельскага сукна, і на жываце ў яго радасна і няярка заблішчаў залаты ланцужок.

— Пачакай, не круціся, фіць… ды не круціся, дурань. Гм!.. Гэта не паршы… ды стой ты, чорт… Гм! А-а. Гэта апечана. Які ж нягоднік гэта цябе ашпарыў? Га? Ды стой ты спакойна!..

«Кухар-катаржнік, кухар!» — жаласнымі вачыма прамовіў сабака і крышку падвыў.

— Зіна, — загадаў пан, — у прыёмную яго зараз жа, а мне халат.

Жанчына пасвістала, папстрыкала пальцамі, і сабака не адразу, але пайшоў за ёй. Яны ўдваіх трапілі ў вузкі, цьмяна асветлены калідор, адны лакіраваныя дзверы прамінулі, прыйшлі ў канец, а потым завярнулі налева і апынуліся ў цёмнай каморцы, якая імгненна не спадабалася сабаку сваім злавесным пахам. Цемра пстрыкнула і ператварылася ў зіхатлівы дзень, прытым з усіх бакоў заззяла, заблішчала і забялела.

«Э, не… — у думках завыў сабака, — выбачайце, не дамся! Разумею, чорт бы іх узяў з іх кілбасой. Гэта ж мяне ў сабачую лячэбніцу завабілі. Зараз касторку прымусяць піць, а потым бок парэжуць ножыкамі, а да яго і так дакрануцца нельга!»

— Э, не, куды?! — закрычала тая, якую звалі Зіна.

Сабака круцянуўся, сцяўся і раптам ударыў у дзверы здаровым бокам гэтак, што храснула па ўсёй кватэры. Потым адляцеў назад, закруціўся на адным месцы, як ваўчок пад бізуном, абярнуў на падлогу белае вядро, з якога разляцеліся камякі ваты. Вакол яго ляталі сцены, застаўленыя шафамі з бліскучымі інструментамі, закруціўся белы фартушок і скрыўлены жаночы твар.

— Куды ты, чорт кудлаты?.. — адчайна крычала Зіна. — Вось пракляты!

«Дзе ў іх тут чорная лесвіца?» — думаў сабака. Ён размахнуўся і камяком наўгад стукнуўся ў шкло, спадзяваўся, што гэта другія дзверы. Хмара асколкаў высыпалася з громам і звонам, выскачыла пузатая пасудзіна з рыжай брыдотай, якая імгненна заліла ўсю падлогу і засмярдзела. Сапраўдныя дзверы адчыніліся.