Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 3
Міхаіл Булгакаў
Пан упэўнена перайшоў у завірушным слупе вуліцу і рушыў да падваротні. Ага, на гэтым усё відаць. Гэты смярдзючае саланіны лопаць не будзе, а калі дзе-небудзь яе яму падсунуць, то ўчыніць гвалт, у газеты напіша: мяне, Піліпа Піліпавіча, абкармілі.
Вось ён усё бліжэй і бліжэй. Гэты есць уволю і не крадзе, гэты не будзе даваць ногца, але і сам нікога не баіцца, а не баіцца таму, што заўсёды накормлены. Ён ад разумовай работы пан, з французскай востранькай бародкай і сівымі пушыстымі вусамі, фацэтнымі, як у французскіх рыцараў, але пах ад яго прылятае разам з мяцеліцай дрэнны — бальнічны. І цыгарны.
Якое ж ліха, запытацца, ганяла яго ў кааператыў Цэнтрагаса?
Вось ён побач… Нешта шукае? У-у-у-у… Што ён мог купляць у задрыпанай крамцы, хіба не хапае яму Ахотнага рада? Што такое?! Кіл-ба-су. Пан, каб вы бачылі, з чаго гэтую кілбасу робяць, вы б і блізка не падышлі да крамы. Аддайце яе мне.
Сабака з апошняе сілы бяздумна папоўз на тратуар. Мяцеліца заляпала, як са стрэльбы, над галавой, узмахнула вялізнымі літарамі плаката «Ці магчыма абмалажэнне?».
Натуральна, магчыма. Пах абмаладзіў мяне, падняў з жывата, пякучымі хвалямі сцяў парожні двое сутак страўнік, пах, які перамог бальнічны, райскі пах пакрышанай каніны з часнаком і перцам. Чую, ведаю — у правай кішэні ў футры ў яго кілбаса. Ён нада мной. О мой валадар! Зірні на мяне. Я паміраю. Рабская наша душа, праклятая доля!
Сабака папоўз, як змяя, на жываце, са слязамі на вачах. Зірніце на кухараву работу. Але ж вы нічога не дасце. Ведаю я занадта добра багатых людзей! А наогул — нашто яна вам? Нашто вам гнілая каніна? Нідзе гэтакай атруты не атрымаеце, акрамя як у Массельпроме. А вы сёння паснедалі, вы, сусветная велічыня з-за мужчынскіх палавых жалёз. У-у-у-у… Што ж гэта робіцца на белым свеце? Відаць, рана яшчэ паміраць, а адчай — і сапраўды грэх. Рукі яму лізаць, болей нічога не застаецца.
Таямнічы пан нахіліўся да сабакі, бліснуў залатымі абадкамі вачэй і выцягнуў з правай кішэні белы прадаўгаваты скрутак. Не зняў карычневых пальчатак, раскруціў паперу, якую адразу ж падхапіла мяцеліца, і адламаў кавалачак кілбасы, якая называецца «Асаблівая кракаўская». І — сабаку гэты кавалак. Ах, бескарыслівая асоба! У-у-у!
— Фіць-фіць, — пасвістаў пан і дадаў строгім голасам: — Бяры! Шарык, Шарык!
Зноў Шарык. Ахрысцілі. Ды як хочаце завіце. За гэтакі выключны ўчынак ваш.
Сабака абарваў плеўку, з усхліпам упіўся ў кракаўскую і з'еў яе імгненна. Нават удавіўся кілбасой і снегам да слёз, таму што ад прагнасці ледзь не праглынуў вяровачку. Яшчэ, яшчэ ліжу вам руку. Цалую штаны, мой дабрадзей!