Читать «Сабачае сэрца» онлайн - страница 2
Міхаіл Булгакаў
Якая-небудзь машыністачка атрымоўвае па IX разрадзе чатыры з паловай чырвонцы, праўда, любоўнік ёй фільдэперсавыя панчохі падорыць. Але ж колькі ёй за гэты фільдэперс здзеку стрываць трэба. Бо ён жа не звычайным ладам, а французскай любові патрабуе. Сволачы яны, гэтыя французы, між намі сказаць. Хоць і ядуць багата, і ўсё з чырвоным віном. Ага… Прыбяжыць машыністачка, бо за 4,5 чырвонца ў «Бар» не пойдзеш. Ёй і на кінематограф не хапае, а кінематограф адзіная ўцеха ў жаночым жыцці. Дрыжыць, крывіцца, а лопае… Падумаць толькі: за дзве стравы 40 капеек, а яны абедзве і пяці шастакоў не варты, таму што на астатнія 25 капеек заўгас украў. А хіба ёй гэтакі харч трэба? У яе верх правага лёгкага нездаровы і жаночая хвароба ад французскай любові, на службе з яе вылічылі, гнілым у сталоўцы накармілі, вось яна, вось яна… Бяжыць у падваротню ў любоўнікавых панчошках. Ногі халодныя, у жываце вурчыць, бо шэрсць на ёй як і на мне цяпер, а штаны яна носіць халодныя, адна карункавая прыблізнасць. Гэта ўсё з-за любоўніка. Надзень паспрабуй мультановыя, ён і заходзіцца: якая ты тоўстая! Надакучыла мне свая Матрэна, намучыўся я з мультановымі штанамі, цяпер прыйшоў мой час. Цяпер я старшыня, і колькі ні накраду — усё дзеля жаночага цела, на ракавыя шыйкі, на Абраў-Дзюрсо. Таму што ў маладосці я папагаладаў, хопіць з мяне, а на тым свеце жыцця не існуе.
Шкада мне яе, шкада! Але самога сябе яшчэ больш шкада. Не таму што эгаіст, а таму што ўмовы няроўныя, гэтак гавару. Ёй хоць дома цёпла, а мне… Куды пойдзеш? У-у-у-у-у!..
— Цю, цю, цю! Шарык, а Шарык… Ты чаго скуголіш, бедны? Хто цябе пакрыўдзіў? Ух…
Ведзьма-мяцеліца заляскала варотамі і мятлой улупіла паненцы пад вуха. Спаднічку падняла да калень, паказала крэмавыя панчошкі і вузкую палосачку дрэнна памытай карункавай бялізны, задушыла словы і замяла сабаку.
Божа літасцівы, якое надвор'е… Уй… І жывот баліць. Гэтая саланіна, гэта ад саланіны! І калі ўсё скончыцца?
Паненка нахіліла голаў і кінулася ў атаку, прарвалася праз вароты, і на вуліцы пачало яе кружыць, круціць, быццам раскідаць, потым укруціла ў снежны віхор, і яна знікла.
А сабака застаўся ў падваротні пакутаваць ад скалечанага бока, прыціснуўся да халоднай сцяны, задыхнуўся і цвёрда вырашыў, што адсюль ужо нікуды не пойдзе, тут і здохне. Адчай знясіліў яго. На душы было гэтак горка і балюча, гэтак адзінока і страшна, што дробныя сабачыя слёзы, як болечкі, выкочваліся з вачэй і адразу ж высыхалі. На пакалечаным баку тырчалі скудлачаныя мёрзлыя камякі, а між іх відаць былі люта чырвоныя плямы ашпаранай скуры. Якія ж тупыя, дурныя, жорсткія кухары. «Шарык» — яна назвала яго… Які ж ён «Шарык»? Шарык — гэта значыць круглы, сыценькі, дурны, жарэ аўсянку, сын слаўных бацькоў, а ён кудлаты, даўганогі і пакусаны, валацуга паджары, бяздомны сабака. Але дзякуй і за добрае слова.
Дзверы праз вуліцу ў ярка асветленай краме ляпнулі, і з іх паказаўся грамадзянін. Менавіта грамадзянін, а не таварыш, і нават — дакладней — пан. Бліжэй — відочна — пан. Думаеце, мяркую па паліце? Глупства. Паліто цяпер многія з пралетарыяў носяць. Праўда, каўняры не такія, як былі, пра гэта і гаварыць нечага, але здалёк зблытаць можна. Вочы — во адметная рэч. Нібы барометр. Усё відаць — у каго пустая душа, хто ні з таго ні з сяго можа сунуць ботам пад рэбры, а хто сам усякага баіцца. Менавіта самага апошняга халуя і цягне часам цімануць за лытку. Баішся — і атрымлівай. Калі баішся, то гэтага і варты… р-р-р… гаў-гаў…