Читать «Сабачае сэрца» онлайн

Міхаіл Булгакаў

Міхаіл Булгакаў

Сабачае сэрца

I

У-у-у-у-у-гу-гу-гуу! Вось, зірніце на мяне, я гіну. Мяцеліца ў падваротні раве, адпявае мяне, і я выю разам з ёй. Прапаў я, прапаў. Злыдзень у брудным каўпаку — кухар са сталоўкі здаровага харчавання служачых Цэнтральнага Савета Народнай Гаспадаркі — лінуў на мяне кіпнем і ашпарыў левы бок. Гэтакая гадзіна, а яшчэ пралетарый. Божа літасцівы — як баліць! Да касцей даняло кіпнем. І я цяпер выю, выю, ды хіба выццё дапаможа?

Хіба я перашкаджаў яму? Няўжо я аб'ем Савет Народнай Гаспадаркі, калі пашукаю на сметніку? Прагная скаціна! Вы паглядзіце як-небудзь на яго морду: ён ушыркі за сябе большы. Злодзей з меднаю мордай. Вой, людзі, людзі! Апоўдні каўпак пачаставаў мяне кіпнем, а цяпер ужо цёмна, гадзіны чатыры пасля полудня, калі меркаваць па тым, як пахне цыбуляй з пажаркі Прачысцінскай каманды. У пажарных каша на вячэру, як вы ведаеце. Але гэта — дрэнь, нешта падобнае на грыбы. Знаёмыя сабакі з Прачысцінкі, дарэчы, расказвалі, быццам бы на Нягліннай, у рэстаране «Бар», жаруць дзяжурную страву — грыбы, соўс пікан па 3 р. 75 к. порцыя. Але гэта на ахвотніка — усё роўна як і галёш лізаць… У-у-у-у-у…

Бок баліць, аж не вытрываць, і перспектыва маёй кар'еры відаць мне выразна: заўтра ўтворацца язвы, і дазвольце спытаць, чым я іх буду лячыць? Летам можна збегаць у Сакольнікі, там ёсць асаблівая цудоўная травіца, акрамя таго, наясіся бясплатна галовак ад кілбас, паперы тлустай накідаюць грамадзяне, наліжашся. І каб не пудзіла нейкае, што спявае пры месяцы на крузе — «мілая Аіда» — гэтак, што сэрца абрываецца, было б зусім выдатна. А цяпер куды пойдзеш? Не давалі вам пад зад ботам? Давалі. Цаглінай па рабрынах перападала? Хапіла ўсякага. Усяго паспрабаваў, з лёсам сваім змірыўся і калі плачу цяпер, то ўсяго толькі ад болю ў целе і ад холаду, бо душа мая яшчэ не змярцвела… Жывучая сабачая душа.

Цяпер цела маё скалечанае, збітае, паздзекаваліся з яго людзі дастаткова. Вось што галоўнае — як пекануў ён мне кіпнем, пад шэрсць прабрала, цяпер, выходзіць, прыкрыць левы бок няма чым. Як піць даць магу падхапіць запаленне лёгкіх, а пасля гэтага я, грамадзяне, здохну ад голаду. З запаленнем лёгкіх трэба ляжаць пад лесвіцай параднага ўвахода, а хто ж замест мяне, ляжачага халастога сабакі, будзе бегаць па сметніках і шукаць харч? Прабярэ лёгкае, папаўзу я на жываце, аслабею, і любы спец прыб'е мяне палкай. І дворнікі з бляхамі возьмуць мяне за ногі і выкінуць на падводу…

Дворнікі з усіх пралетарыяў — самая горшая брыдота. Шалупінне ад чалавецтва — самая нізкая катэгорыя. Кухары трапляюцца розныя. Напрыклад — нябожчык Улас з Прачысцінкі. Колькім ён жыццё выратаваў. Таму што самае галоўнае ў час хваробы ладны кавалак. І вось, было, расказваюць старыя сабакі, кіне Ўлас костку, а на ёй асьмушка мяса. Царства яму нябеснае за тое, што быў сапраўдны чалавек, кухар графаў Талстых, а не з Савета Здаровага харчавання. Што яны толькі вытвараюць у гэтым здаровым харчаванні — розуму сабачага не хапае спасцігнуць. Яны ж, гіцлі, са смярдзючае саланіны капусту вараць, а бедалагі нічога не ведаюць. Бягуць, ядуць, п'юць.