Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 89
Джон Фінемар
— Праўда? Добрая навіна! Нягоднік, ён сілай адабраў у мяне і ў майго прыяцеля грошы. Добра, што яго схапілі!
— Ён і мяне абрабаваў,— паскардзіўся манах. — Столькі золата забраў з манастырскай казны! Але ўчора я адпомсціў яму: выкрыў яго і выдаў шэрыфу. Каб не я, яго б не арыштавалі. За гэта вы павінны дзякаваць мне.
— Няхай неба аддзячыць вам за ўсё, — сказаў Маленькі Джон. — Надарыцца магчымасць, мы таксама не паскупімся. А зараз, калі дазволіце, мы праводзім вас, бо лес гэты кішыць разбойнікамі Робін Гуда. Чаго добрага, убачаць вас, і тады вам канец.
— Ведаю, — адказаў манах, — але ў нас шпаркія коні. Калі будзе пагражаць небяспека, мы ўцячом ад іх.
— Небяспеку не заўсёды адразу заўважыш, — запярэчыў Маленькі Джон. — Таму лепш будзе, калі мы разам з вамі пойдзем праз лес.
I яны — і конныя, і пешыя — рушылі па дарозе, што цягнулася ўздоўж лесу. Келар так ганарыўся сваім подзвігам, што не пераставаў хваліцца. Расказаў і пра тое, што вязе пасланне ад шэрыфа самому каралю Рычарду.
Неўзабаве яны апынуліся ў глыбокай лагчыне. I тут у самым глухім месцы Маленькі Джон раптам узяў келаравага каня за аброць. Манах адразу адчуў нядобрае, выхапіў з-пад плашча кінжал і замахнуўся. Маленькі Джон таксама выцягнуў кінжал, які вісеў у ножнах пад скураной камізэлькай, і адказаў ударам на ўдар. Келар мёртвы ўпаў на зямлю.
— Гэта ён вінаваты, што з нашым атаманам здарылася страшная бяда, — сказаў Маленькі Джон Мачу. — Цяпер яму ўжо не давядзецца пахваляцца перад каралём.
Мач прытрымаў белага скакуна за повад і затрубіў у ражок. З лесу выбеглі некалькі лясных стралкоў. Маленькі Джон загадаў ім пахаваць чорнага манаха, а пажа ўзяць з сабой і не адпускаць, пакуль яны з Мачам не вернуцца.
Маленькі Джон дастаў з кішэні манаха пасланне шэрыфа, сеў на келаравага каня, Мач — на белага скакуна, і яны паехалі на поўдзень.
Дабраўшыся да Лондана, яны распыталі ў людзей дарогу да каралеўскага палаца. Вартавы спытаў у іх, з якой справай яны ідуць да караля.
— У нас важнае пасланне гасудару ад шэрыфа нотынгемскага, — адказаў Маленькі Джон. — Нам строга-настрога загадалі перадаць яго ў рукі каралю Рычарду.
Маленькага Джона і Мача прывялі ў прасторную залу, дзе ў вялікім крэсле сядзеў кароль Англіі. Яго акружалі лорды і прэлаты. Маленькі Джон укленчыў і падаў каралю пісьмо шэрыфа.
— Хай беражэ вас бог, мой гасудар, міласцівы кароль, — сказаў ён. — Я прывёз вашай вялікасці пісьмо ад шэрыфа горада Нотынгема.
Кароль узяў з рук Маленькага Джона скрутак, распячатаў яго і пачаў чытаць. Волат стаяў на каленях і з захапленнем пазіраў на манарха. I сапраўды, было чым захапляцца: такое велічнае было ўсё яго аблічча, аблічча Рычарда Плантагенета, Рычарда Львінае Сэрца. Мужны, прыгожы твар, ясныя блакітныя вочы, магутная і ўладарная постаць. Усё ў ім гаварыла, што гэта кароль. Маленькі Джон стараўся запомніць кожную рысу яго твару і постаць, каб потым дакладна апісаць вобраз гэтага царственнага воіна сваім таварышам у Шэрвудскім лесе.
Раптам Рычард звонка ўдарыў далонню па падлакотніку свайго каралеўскага крэсла.