Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 90
Джон Фінемар
— Ведаеце, што ў гэтым пасланні, мілорды? — сказаў ён. — Прыемная вестка ад шэрыфа горада Нотынгема. Ён нарэшце такі схапіў гэтага дёрзкага разбойніка Робін Гуда з Шэрвудскага лесу, трымае яго пад моцнай аховай і чакае майго прысуду.
— Добрая навіна! Добрая! — усклікнуў біскуп Герфардскі, які разам з іншымі царкоўнікамі стаяў каля трона. — Цяпер у вашай уладзе лёс найвялікшага злачынца ва ўсім хрысціянстве. Памятаеце, мой гасудар, я расказваў вам, як гэты нягоднік абрабаваў мяне, не раз непаважліва абыходзіўся са мной? Неяк, каб пацешыцца, ён нават прымусіў мяне скакаць пад музыку. Другі раз адаслаў мяне ў Нотынгем верхам, пасадзіўшы на каня задам наперад. Я вельмі шчаслівы, што цяпер ён у вашых руках, гасудар, і ваша вялікасць нарэшце пашле яго на шыбеніцу.
Апошнія словы біскуп прамовіў, ужо ледзь пераводзячы дух, бо ад вялікага ўзбуджэння гаварыў вельмі хутка. Адно імя Робін Гуда ўводзіла яго ў шаленства.
Кароль усміхнуўся і зноў глянуў на паперу. Яго, відаць, не дужа турбавалі крыўды і пакуты біскупа Герфардскага.
— Ва ўсёй Англіі няма ніводнага ёмена, якога я так хацеў бы бачыць, як гэтага Робін Гуда, — сказаў Рычард. — Я жадаю даведацца, як ён кіруе сваёй шайкай. Што за чалавек правіць Шэрвудскім лесам, як я, каранаваны кароль, праўлю краінай?
У зале запанавала цішыня. Раптам кароль рэзка падняў галаву і пільна глянуў на Маленькага Джона праніклівымі блакітнымі вачамі.
— Ёмен, — строга сказаў ён, — тут гаворыцца, што ліст гэты пасылаюць мне з манахам. А дзе ён, манах? Чаму не ён, а ты прывёз мне пісьмо?
— Даруйце, міласцівы гасудар, — сказаў разбойнік. — Манах сканаў у дарозе, і пасланне даверылі мне.
Кароль абыякава кіўнуў галавой. Урэшце яму было няважна, як дайшла да яго вестка, абы яна была праўдзівая.
— Я жадаю бачыць Робін Гуда, — сказаў кароль Рычард Маленькаму Джону. — Ты, ёмен, прынёс мне вестку пра яго, ты і прывязеш яго да мяне.
Маленькі Джон нізка пакланіўся.
У знак сваёй манаршай прыхільнасці Рычард узнагародзіў пасланцоў дваццаццю залатымі, прысвоіў ім званне ёменаў кароны і загадаў, каб яны былі пры яго каралеўскай асобе, калі вернуцца ў Лондан з Робін Гудам. Потым даў Маленькаму Джону каралеўскую пячатку, каб ён паказаў яе нотынгемскаму шэрыфу. Шэрыф павінен перадаць Маленькаму Джону палоннага, і ён пад аховай сарака лучнікаў прывязе Робін Гуда ў Лондан да караля.
Разбойнік развітаўся з каралём Рычардам і разам з Мачам паехаў назад у Нотынгем, схаваўшы на грудзях каралеўскую пячатку.
Калі ён з Мачам пад’ехаў да горада, вароты былі наглуха зачынены. Маленькі Джон пачаў моцна стукаць і клікаць брамніка. Неўзабаве той паказаўся на гарадской сцяне і спытаўся, што яму трэба.
— Што гэта значыць? — закрычаў Маленькі Джон, зрабіўшы выгляд, быццам вельмі здзіўлены. — Гарадскія вароты на замках і завалах сярод белага дня! Ты што, заспаў, брамнік?
— Вароты зачынены і ўдзень і ўночы, бо злавілі Робін Гуда і ён сядзіць у глыбокім падзямеллі,— адказаў брамнік. — Мы нікога не пускаем у горад, каб не прабраліся разбойнікі. Яны хочуць уварвацца ў Нотынгем, страляюць у вартаўнікоў, калі ўбачаць іх на сценах. Ужо некалькі нашых забілі.