Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 77

Джон Фінемар

Раздзел дваццаты

Сэр Рычард Лі вяртае доўг

Чытач, напэўна, памятае, як Робін Гуд дапамог у бядзе збяднеламу рыцару, якому пагражала страта ўсёй яго маёмасці — і дома, і зямлі, бо ён не мог аддаць узятую пад заклад маёнтка вялікую суму грошай. Сэр Рычард Лi не забыў свайго збавіцеля з Шэрвудскага лесу.

Пасля нягод вялікіх тых Наш рыцар добра жыў, Чатыры сотні залатых, Каб доўг аддаць, нажыў. Сто лукаў з пругкай цецівой Яшчэ у дар прыпас. Калчанаў сто узяў з сабой I добрых стрэл запас.

На гэты раз у сэра Рычарда, калі ён ехаў праз Шэрвудскі лес, быў зусім іншы настрой, чым год назад. Тады ён быў сумны і змрочны і меў выгляд самага няшчаснага чалавека на зямлі. А цяпер ён, радасны і бадзёры, сядзеў на прыгожым кані, і яго суправаджаў атрад узброеных людзей. I ўся гэта перамена адбылася дзякуючы Робін Гуду, бо калі б рыцар страціў сваю зямлю, ён ніколі б ужо не выбраўся з галечы. Таму сэр Рычард з удзячнасцю і павагай успамінаў Робін Гуда, які вырваў яго з рук хцівага абата манастыра Святой Марыі.

Дарога прывяла рыцара і яго ўзброены атрад да шырокага лугу каля рэчкі перад мостам. На лузе было людна і шумна. З усяго наваколля валіў сюды народ на вясёлае гулянне. Акружаныя натоўпам ахвочых да відовішчаў і забаў людзей, паказвалі сваё майстэрства фокуснікі, жанглёры і акрабаты, спявалі мясцовыя саксонскія песеннікі і вандроўныя паэты-музыкі. У наспех напятых палатках крамнікі і карабейнікі прадавалі свой тавар. Але самы вялікі натоўп акружыў круглую пляцоўку, на якой удалыя і спрытныя барцы спадзяваліся заваяваць у спаборніцтве багатыя прызы.

Узнагародай барцу-пераможцу быў добры рысак з пазалочанай вупражжу. Цудоўны прыз! Той, хто зойме другое месца, атрымае пародзістага быка, а наступныя тры пераможцы, гледзячы, хто якое зойме месца, — пару прыгожых вышываных пальчатак, залаты пярсцёнак ці бочку віна. Таму і не дзіва, што ў Нотынгем сабралася шмат ёменаў. Кожны разлічваў на які-небудзь прыз, няхай нават самы апошні.

Перад мостам натоўп быў такі густы, што рыцару і яго людзям немагчыма было праехаць, а прабіваць сабе дарогу сілай сэр Рычард лічыў непрыстойным. Дзень яшчэ толькі пачынаўся, часу ў рыцара было багата. Ён спыніў каня, каб якую гадзіну паназіраць за спаборніцтвам барцоў. Астатнія коннікі збіліся вакол яго. Усе з нецярплівасцю чакалі, калі пачнецца спаборніцтва.

Усім на здзіўленне, вострай барацьбы не атрымалася. I вінаваты ў гэтым быў нейкі здаровы, няўклюдны з выгляду бамбіза, які лёгка, нібы гуляючы, клаў на лапаткі кожнага свайго саперніка. Быў гэта чэмпіён якой-небудзь вёскі або гарадка — усіх ён валіў на траву, як толькі абхопліваў рукамі тулава свайго праціўніка.

— Хто гэта можа быць? — пыталіся гледачы. — Такіх барцоў ніколі яшчэ не бачыла Англія. Яму няма роўных. Ён абыходзіцца з усімі, як з дзецьмі.