Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 79
Джон Фінемар
— Адыдзіце ад яго! — крычаў ім сэр Рычард. — Разыдзіцеся, не чапайце гэтага чалавека!
Леснікі, якія падпарадкоўваліся толькі шэрыфу, не звярнулі б увагі на словы рыцара, каб яго не падтрымаў натоўп. Многія гледачы ведалі сэра Рычарда Лі, і дзесяткі галасоў закрычалі:
— Няхай сэр Рычард будзе за суддзю. Ён сумленны і справядлівы рыцар. Мы ведаем яго і давяраем яму. Няхай ён рассудзіць.
Дружны і рашучы голас натоўпу застрашыў леснікоў. Яны змоўклі і прыслухаліся, што скажа рыцар.
— Што ж гэта вы, панове? — сказаў сэр Рычард. — Хіба ў нас, у Англіі, лічыцца справядлівым злаваць на чалавека за тое, што ён аказаўся лепшым барцом і паказаў майстэрства, якога мы даўно ўжо не бачылі? Я сачыў за спаборніцтвам, бачыў кідкі і прыёмы — усе яны былі па правілах. Я кіну пальчатку кожнаму з вас, хто скажа, што гэта не так. Ну што, будзем крыкам пазбаўляць узнагароды чалавека, якога ніхто не змог перамагчы ў сумленнай барацьбе на пляцоўцы?
Словы яго трапілі ў цэль і выклікалі ў натоўпе пачуццё прыхільнасці да пераможца. Толькі леснікі ўсё яшчэ змрочна і пагрозліва пазіралі на яго і шэптам гаварылі адзін аднаму, што яны зрабілі б з ім, каб не ўмяшаўся рыцар са сваім узброеным атрадам.
Усе пагадзіліся, што першы прыз выйграў гэты выдатны барэц. Астатнія ўдзельнікі спаборніцтва зноў выйшлі ў круг і пачалі змагацца за наступныя прызы. Калі ўсе атрымалі свае ўзнагароды, сэр Рычард за пяць марак купіў у чалавека, якога ўзнагародзілі бочкай віна, яго прыз і загадаў адкрыць яе, каб кожны, хто хоча, мог наталіць смагу. Людзі прыйшлі ў добры настрой, апрача, вядома, леснікоў, якія вымушаны былі заплаціць прайграныя грошы і таму кіпелі ад злосці. Яны перашэптваліся і кідалі злосныя позіркі на Маленькага Джона, які ўважліва разглядаў чыстакроўнага рысака — сваю ўзнагароду. I раптам у натоўпе пайшла чутка, што гэты выдатны барэц — разбойнік Робін Гуда. Як яна ўзнікла, цяжка сказаць. Чуткі заўсёды неяк дзіўна ўзнікаюць. Магчыма, яшчэ нехта, акрамя сэра Рычарда, пазнаў Маленькага Джона, хоць ён і змяніў сваё аблічча. Але нельга было схаваць волатаўскую постаць, шырокія плечы, дужыя рукі і ногі.
Чутка імгненна дайшла да вушэй леснікоў, і яны з радасцю ўхапіліся за яе. Праўда гэта ці не, але якраз тое, што ім трэба: цяпер чэмпіёну гэтаму ўжо не вырвацца з іх рук.
— Разбойнік! Разбойнік! Хапайце яго! Хапайце! — закрычалі яны і рынуліся да пераможца.
Толькі хуткасць і спрыт маглі выратаваць Маленькага Джона. Ён імгненна апынуўся ў сядле, прышпорыў свайго рысака і пусціў яго галопам. У натоўпе цяпер ужо было шмат яго прыхільнікаў, бо народ любіў разбойнікаў Робін Гуда. Людзі расступіліся, прапусцілі ўцекача і адразу зноў самкнуліся, адрэзаўшы дарогу леснікам, якія былі пагналіся за ім. Маленькі Джон стралой праляцеў цераз мост і знік за паваротам дарогі.