Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 75

Джон Фінемар

Той самай раніцай Робін Гуд пайшоў адзін з лагера паглядзець, што дзеецца ў лесе і наваколлі. Ён надзеў світку і штаны з грубага нефарбаванага даматканага палатна, насунуў на лоб вялікі шыракаполы капялюш, прыкрыў левае вока чорнай павязкай, на плечы накінуў дзіравы плашч. Ён апрануўся так, каб ніхто не пазнаў яго, асабліва леснікі, бо трапіць ім у рукі азначала для яго пагібель. Шэрыф, ашалелы ад злосці, што Робін Гуд перахітрыў яго і выратаваў ад шыбеніцы трох сыноў старой удавы, загадаў сваім людзям не даваць нікому ніякай літасці і забіваць на месцы любога разбойніка, якога яны стрэнуць або схопяць.

Робін Гуд хадзіў па лесе мо гадзіну, як раптам убачыў прыгожа апранутага зграбнага юнака. Ён імгненна схаваўся за куст, бо не ведаў, юнак ідзе адзін ці з ім хто-небудзь ёсць. Нельга забывацца на асцярожнасць, бо ў яго шмат ворагаў. Любы незнаёмы чалавек выклікаў у яго падазрэнне: ці не пастка тут якая-небудзь? Але юны паж ішоў спакойным, мерным крокам і, відаць, быў адзін. Калі паж параўняўся з кустом, Робін Гуд выскачыў і загадаў незнаёмцу спыніцца.

— Хто ты і што табе трэба ў Шэрвудскім лесе? — уладным тонам спытаў Робін Гуд.

Марыяна, а гэта была яна, не пазнала свайго старога сябра. Ды і хіба пазнаеш у гэтым абадраным, дзікім з выгляду лясным жыхары Робін Гуда? Яна падумала, што яе падпільнаваў нейкі небяспечны грабежнік, адскочыла назад і схапілася за эфес мяча.

«Гэта не чалавек Робін Гуда, — вырашыла Марыяна. — Відаць, нейкі бандыт, і трэба даць яму рашучы і смелы адпор, інакш мне не паздаровіцца». Уголас сказала:

— Саступі з дарогі, прыяцель. Дай прайсці. Я не маю да цябе ніякай справы.

— Ты, можа, і не маеш, а я да цябе маю, — адказаў абадранец. — Гавары, куды і чаго ідзеш у лес, а не, дык завярну цябе назад.

— Завернеш назад? — абурыўся паж. — Паспрабуй, калі ўдасца, грубіян. He прымушай мяне ўзяцца за меч, бо вельмі пашкадуеш і праклянеш гэты дзень.

— Бач, які бравы ваяка! — засмяяўся Робін Гуд. — А што ты зробіш сваім такім маленькім мячом, хлопчык?

— У гэтага мяча вельмі вострае лязо. Сам зараз убачыш, — сказаў паж, выцягнуў з ножан меч і замахаў ім над галавой. — Дай дарогу, бо я іду ў лес і ніхто мяне не спыніць.