Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 74

Джон Фінемар

— Гуд! Гуд! З намі Гуд! — зароў волат, што кіраваў імі.— На дапамогу Робін Гуду!

Людзі ў зялёным адказалі Маленькаму Джону дружнымі воклічамі:

— З намі Гуд! Няхай жыве Робін Гуд! Далоў нарманскіх тыранаў!

На плошчы ўзнялася сумятня і страшэнны тлум. Людзі кінуліся ўрассыпную, каб не трапіць выпадкова пад меч. Жанчыны спалохана пішчалі, мужчыны гучна крычалі. Мячы са звонам стукаліся аб шчыты. Нарманскія салдаты, атакаваныя з усіх бакоў, толькі і паспявалі адбівацца. Дзе ім было думаць пра тое, каб схапіць пераадзетага атамана разбойнікаў?! А ён не марудзіў. Выхапіў з-за пояса востры нож і перарэзаў вяроўкі на Хэлу, Хобу і Дзікану. З крыкам: «За мной!» — саскочыў з памоста. Тры браты рынуліся за ім і ўміг апынуліся сярод сяброў.

— Згуртуйцеся вакол іх! — загадаў Робін Гуд, і лясныя стралкі шчыльным кальцом акружылі сваіх выратаваных ад смерці таварышаў.

— Адступайце да варот! — прагучаў новы загад Робін Гуда, і зялёная дружына цеснымі радамі рушыла з рыначнай плошчы.

Два разы нападалі на іх нарманскія салдаты, і два разы іх адганялі хмарамі стрэл і ўдарамі мячоў.

Неўзабаве падышлі да варот. Яны былі насцеж адчыненыя, бо Маленькі Джон даручыў Мачу і Уілу Ст’ютлі з тузінам людзей зняць варту, як толькі яны пачуюць, што на плошчы пачалася сутычка. Яны выканалі загад. Калі атрад з Робін Гудам на чале падышоў да варот, вартаўнікі былі ўжо абяззброеныя і звязаныя.

Усе выйшлі з горада на вольны прастор. Маленькі Джон з грукатам зачыніў вароты і паклаў ключ сабе ў кішэню, каб не было пагоні.

На ўскрайку лесу яны сустрэлі бедную старую ўдаву. Яна чакала іх тут з трапяткой надзеяй, што Робін Гуд выканае сваё абяцанне і выратуе яе сыноў. Старая ўбачыла Хэла, Хоба і Дзікана цэлымі і здаровымі сярод таварышаў і заплакала, толькі цяпер ужо ад радасці, падзякавала Робін Гуду і блаславіла яго.

Раздзел дзевятнаццаты

Сустрэча Робін Гуда з Марыянай

У роспачы, смутку, з надзеяй слабой Адзелася ў пажскі кафтан, Пайшла ў Шэрвуд, бо там Робін Гуд — Славуты лясны атаман. Робін Гуд Марыяну зусім не пазнаў, Ды і сам ён аблічча змяніў. Як чужыя, яны скрыжавалі мячы. Пажаў спрыт Робін Гуда здзівіў.

З таго часу як Робін Гуд стаў лясным разбойнікам, адважным атаманам сялянскай вольніцы ў Шэрвудскім лесе, амаль дня не мінала, каб ён не прыгадаў дзяўчыну, з якой расстаўся, калі пакінуў свой дом. Гэта была Марыяна, вельмі мілая і прыгожая дачка паважанага чалавека, што жыў па суседству з Робін Гудам. Робін і Марыяна сябравалі з маленства — разам гулялі ў розныя гульні, шукалі птушыныя гнёзды, вудзілі рыбу ў ручаі, лазілі па дрэвах, бегалі навыперадкі па травяністым лузе. Пасля таго як Робін Гуду давялося пакінуць родныя мясціны, ён балюча перажываў разлуку з Марыянай.

Між тым лёс абышоўся з дзяўчынай сурова. Бацькі яе памерлі, прыяцелькі і знаёмыя адвярнуліся ад яе, і сэрцам яна ўсё часцей і мацней імкнулася да сябра свайго дзяцінства — да добрага і смелага Робін Гуда. Доўгі час Марыяна нічога не чула пра яго, не ведала, дзе ён, але раптам імя яго загрымела па ўсім Паўночным краі. Дзяўчына даведалася, што сябар яе стаў славутым разбойнікам. Подзвігі яго праслаўлялі ў сваіх песнях менестрэлі, а простыя людзі пераказвалі іх, седзячы вечарамі перад ачагом. Адзінокая, усімі пакінутая, Марыяна доўга думала і нарэшце вырашыла пайсці ў Шэрвудскі лес пашукаць Робін Гуда і паглядзець, ці памятае ён яшчэ старыя шчаслівыя дні іх дзяцінства. Але яна ведала: жанчыне або дзяўчыне хадзіць адной па дарогах, ды яшчэ па лесе, небяспечна. Таму яна апранулася, як паж, узяла лук і калчан са стрэламі, меч і шчыт і рушыла ў дарогу. Як толькі апынулася пад цёмнымі шатамі магутных дубоў, яна пачала з надзеяй узірацца і прыслухоўвацца, спадзеючыся сустрэць каго-небудзь з жыхароў лясных вёсак, хто мог паказаць дарогу ў прыстанішча яе старога сябра Робін Гуда.