Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 7
Джон Фінемар
— Уцякаюць! Яны ўцякаюць! — радасна закрычаў Уіл, выскачыўшы з-за куста, адкуль ён назіраў за падзеямі.— Далібог, Робін Гуд, ты валодаеш сваім лукам, як вялікі майстар. Пайду развяжу гэтых людзей.
Ён кінуўся да палонных і разрэзаў нажом вяроўкі. Неўзабаве Уіл ужо вяртаўся назад, следам беглі вызваленыя ім людзі. Яны былі самі не свае ад радасці і ўдзячнасці — мо сто разоў падзякавалі Робін Гуду і блаславілі яго, бо ведалі: у Нотынгеме іх чакала верная смерць.
— Проста дзіву даюся, чаму леснікі не забілі вас адразу, як схапілі,— сказаў ім Уіл. — Вы ж носіце воўчую галаву, а такім людзям няма літасці ні ад кога.
— Шэрыф загадаў ім схапіць і прывесці хоць каго-небудзь, — сказаў хлопец, шыракаплечы здаравяка невысокага росту са свежым тварам і вясёлым агеньчыкам у вачах. — I гэта сапраўды так, як і тое, што мяне завуць Мач і бацька мой млынар. Я рыхтаваўся ўжо ўбачыць рыначную плошчу Нотынгема з вышыні шыбеніцы. Ды на гэты раз усё абышлося добра. Дзякуй табе, найвялікшы стралок, што калі-небудзь таптаў лясныя сцежкі,— зноў выказаў ён сваё шанаванне Робін Гуду.
— А цяпер куды нам? — спытаў у яго другі чалавек. — Нам трэба схавацца, марудзіць нельга. Стражнікі як бачыш падымуць супраць нас усю акругу.
— Правільна! — сказаў Уіл Ст’ютлі.— Гайда, Робін Гуд, з імі. За свае сённяшнія подзвігі ты заплаціш жыццём, калі людзі шэрыфа схопяць цябе.
Робін Гуд згодна кіўнуў галавой. Малады дрывасек гаварыў праўду, і ўсе таропка падаліся ў глыб лесу. Каля Вялікага дуба іх чакаў стары Ст’ютлі. Калі яму расказалі пра ўсё, што адбылося, ён пакруціў галавой:
— У гэтых мясцінах нам заставацца нельга. Усім, хто супраціўляецца нарманскім тыранам, пагражае смяротная кара. Я пайду да дачкі. Схаваюся ў яе на тым баку лесу. А што ты, Уіл, надумаў?
— Я застануся ў лесе, — адказаў Уіл. — З гэтага дня Робін па-за законам, і я буду з ім.
Робін Гуд стаяў крыху збоку ад астатніх, абапіраючыся на свой доўгі лук. Па-за законам! Ад гэтых слоў балюча сціснулася сэрца. Але гэта так, гэта праўда, так будзе. Яго абвесцяць разбойнікам за тое, што ён вызваліў палонных, за супраціўленне стражнікам лесу.
Праз хвіліну ён зноў ажывіўся, павесялеў і абвёў вачамі лес у прыгожым зялёным убранні, паглядзеў на вялікія галіны, на якіх ігралі сонечныя блікі, калі яны пагойдваліся ад ветру, і на момант уявіў сабе сваё новае, вольнае жыццё пад адкрытым небам у вялікім, бяскрайнім лесе. «Тысячу разоў лепш быць па-за законам, чым трапіць у засценак нотынгемскага шэрыфа», — падумаў Робін Гуд, і яму зрабілася лягчэй на душы і захацелася хутчэй пачаць новае жыццё.
Двое выратаваных павялі яго і Уіла Ст’ютлі далей. За правадніка быў сын млынара Мач. Дзве гадзіны яны шпарка ішлі па лесе, і хоць нідзе не было нават і следу сцежкі, Мач вёў іх па палянах і скрозь гушчары, як па гасцінцы.