Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 5

Джон Фінемар

Робін з усіх ног кінуўся следам, каб разам з сялянамі схавацца ў лесе. Калі ён амаль дабег да ўзлеску, пачуў ззаду крыкі. Ён азірнуўся і над штыкецінамі ўбачыў некалькі галоў праследавацеляў. Робін весела крыкнуў ім нешта насмешліва-дзёрзкае, бо ведаў: у гушчары леснікі не знойдуць уцекачоў, выратаванне было ўжо блізка.

Юнак уляцеў пад шаты дрэў і крыху воддаль убачыў Уіла. Малады дрывасек чакаў яго.

— Сюды! Сюды! — крыкнуў яму Уіл, і Робін пабег да яго.

I тут ён убачыў старога селяніна, які трухаў па вузкай сцяжынцы, і Уіл з Робінам пабеглі за ім. Стары прывёў іх да балота і там пачаў пераскокваць з купіны на купіну, папярэджваючы, каб яны траплялі ў яго след, бо інакш з галавою праваляцца ў зыбучую твань. Неўзабаве яны зноў ступілі на цвёрдую зямлю. Стары спыніўся пад вялікім дубам і прысеў адпачыць на тоўсты корань, што вытыркаўся з зямлі.

— А дзе Хоб? — спытаў ён, ледзь пераводзячы дух.

— Яго забілі,— адказаў Уіл. — Галоўны ляснік усадзіў яму ў спіну стралу. Хоб крыху прамарудзіў.

— Во, во, Хоб заўсёды быў марудлівы, — прамовіў стары. — Ды і нас можа напаткаць такі самы лёс, калі мы апынёмся на адлегласці палёту яго меткай стралы. Ну, Уіл, я ўжо думаў, канцы табе будуць, калі ты ледзь не хапіўся за нож. Галоўны ляснік жорсткі, бязлітасны чалавек.

— Гэта ж вы, баця, утрымалі мяне, — сказаў Уіл. — Вельмі крыўдна, калі цябе лупцуюць, як сабаку, без дай прычыны.

— Праўду ты кажаш, — пагадзіўся стары. — З народам, якому раней належала гэта зямля, нарманскія паны абыходзяцца, як з сабакамі, і нават горш, чым з сабакамі. Цяпер нам і носа высунуць нельга ў сваю вёску, Уіл. Давядзецца хавацца ў лесе, а не, дык хуценька апынёмся ў нотынгемскай турме, дзе нас чакае вяроўка каралеўскага ката. I загайдаемся мы на шыбеніцы на страх усім саксонскім мужыкам, каб яны і падумаць не пасмелі не слухацца сваіх нарманскіх паноў.

— Гэтае ж самае і са мной было б ці нават горш, каб не ты, Уіл! — усклікнуў Робін Гуд, схапіўшы Уіла за локаць. — He пабаяўся ты вызваліць мяне з путаў. Дзякуй табе, тысячу разоў дзякуй.

— Ну што ты! — адказаў Уіл. — Я ж толькі разы два разануў нажом. А як ты трапіў да іх у рукі?

Робін расказаў пра ўсё, што з ім здарылася, і сяляне змрочна пакруцілі галовамі.

— Гэта яшчэ адзін прыклад іхняй жорсткасці і вераломства, зазначыў Уіл. — Любой хітрасцю стараюцца завабіць нас у свае кіпцюры.

Стары сакс раптам усхапіўся.

— Што ж, — сказаў ён, — пакуль мы не трапілі ў іх рукі, трэба падумаць пра бяспеку. Ідзіце за мной, хлопцы, я павяду вас у больш надзейнае сховішча.

Але Робін Гуд не скрануўся з месца.

— Ведаеце, сябры, — сказаў ён, — мне ўвесь час не дае спакою думка пра тых няшчасных у руках ліхадзеяў. Баюся, у Нотынгеме іх чакае сумны лёс.

— А што іх можа чакаць — шыбеніца ды вяроўка, — прабурчаў Уіл. — Яны ж бандыты. Паміж імі і леснікамі ідзе жорсткая барацьба, і суровы шэрыф узрадуецца, калі іх прывядуць да яго.