Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 8

Джон Фінемар

Нарэшце ён спыніўся на невялікай прагаліне пад магутным дубам і ціхенька затрубіў у ражок, што вісеў у яго на поясе. Адразу пачуўся гук ражка ў адказ, і Мач пайшоў далей. Праз трыста ярдаў маленькі атрад выйшаў на высечку ў зарасніку вастраліста і ляшчыны, які густа ўкрываў падножжа каменнай сцяны. Тут падарожнікаў аклікнулі. Пачуўшы ў адказ голас Мача, са сховішча паказаліся вартавы і з ім паўтузіна малайцоў з лукамі і стрэламі на цецівах — вось якая грозная сустрэча чакала б ворага або чужынца.

У лагеры разбойнікі сустрэлі сваіх таварышаў радаснымі крыкамі, бо да іх ужо дайшла вестка пра палон Мача і яго спадарожніка.

— Мач і Уот вярнуліся жывыя! — крычалі яны. — Малайцы, малайцы, адважныя хлопцы! Як вы вызваліліся з лап лясных аўчарак?

— Паслухайце, сябры, — узвысіў голас Мач. — Нас выратаваў вось гэты юнак. Я прывёў сюды, у наш лагер, самага лепшага і храбрага стралка з лука. Такіх людзей я ніколі яшчэ не бачыў.— I ён расказаў усё, як было. Разбойнікі яшчэ раз падзякавалі Робін Гуду за вызваленне іх таварышаў.

Змерклася. Усе паселі вакол вялікага вогнішча і пачалі вячэраць смажаным мясам забітага яшчэ раніцай аленя, запіваючы тлустую дзічыну элем.

Раптам сярод вясёлага смеху і шумнай гаворкі пачуўся голас Мача Млынарова сына:

— Сябры, вы памятаеце: учора вечарам мы вырашылі абраць сабе правадыра, каб у нас быў парадак.

— Ага, — падхапіў мажны вясковец, — і выбар наш спыніўся на табе, даражэнькі.

— Цяпер не мне выпадзе гэты гонар, — адказаў Мач, — бо сёння я, Мач, сустрэў больш вартага чалавека і аддаю свой голас і слова за Робін Гуда.

— Я таксама! — выгукнуў Уот. — А калі хто адважыцца мне пярэчыць, умомант адчуе на сваёй спіне цяжар маёй яблыневай палачкі! — Уот падняў угору тоўстую шасціфутавую дубіну з жалезным набалдашнікам і пачаў круціць ёю над галавой, нібы сапраўды маленькую палачку.

Але адзін чалавек, смуглявы, рослы дзяцюк, запярэчыў:

— Здаецца, мы дамовіліся абраць правадыром самага меткага стралка.

— Правільна, — адказаў Мач. — Але канчатковай згоды не было. Вось і добра. Вунь сядзіць самы лепшы стралок ва ўсёй старой добрай Англіі,— ён паказаў на свайго збавіцеля.

— А як ён гэта дакажа, — прабурчаў высокі разбойнік.

Тут умяшаўся сам Робін Гуд.

— He, Мач, — сказаў ён, — гэтак я не згодзен. Такі гонар трэба заслужыць. Вы праўда вырашылі паставіць над сабой самага меткага стралка?

— Ну, я ж казаў. А каго ж яшчэ?

— Дык няхай так і будзе, — сказаў Робін Гуд. — Заўтра раніцай мы ўсе да аднаго пусцім свае стрэлы ў цэль, і самы меткі будзе пераможцам.

— Згода! Згода! — у адзін голас закрычалі разбойнікі, і высокі хлопец, Джон Форд, таксама.

Пасля вячэры ўсе захуталіся ў плашчы і палеглі спаць каля вогнішча.

Раніцай, не марудзячы, узяліся за спаборніцтва. На залітым сонцам лужку паставілі цэль, у якую яны звычайна стралялі, каб набіць руку, і прапанавалі Робін Гуду першым паказаць сваё майстэрства — трапіць у самую сярэдзіну. Але ён адмоўна пакруціў галавой: