Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 61
Джон Фінемар
Слай толькі ўхмыльнуўся і падмаргнуў адным вокам.
— He, не! — сказаў ён. — Дакумент гэты я нікому не пакажу. He магу нікому даверыць. Памажыце знайсці разбойніка, і я падзялюся з вамі ўзнагародай. А калі не захочаце, што ж, мне напляваць: я і сам яго знайду.
— Бачу, вы чалавек асцярожны, — сказаў незнаёмы. — Але не асуджаю вас за гэта. Апошнім часам на дарогах сустракаюцца і нядобрыя людзі. Ды грошы ўсё ж вялікія, і я шчыра прызнаюся: мне вельмі б хацелася атрымаць з іх долю. А што, калі мы разам з вамі завітаем у «Каралеўскі алень» і ўсё там як след абгаворым за збанком халоднага элю?
— О, з радасцю, — меднік нават аблізнуўся, уявіўшы вялікі куфаль з элем, і пашыбаваў услед за незнаёмцам.
Праз мілю ці крыху больш яны падышлі да карчмы. Дзверы адчыніў ім сам карчмар. Гаспадар сустрэў госця ў пунсовым вельмі пачціва і адразу паспяшаўся прынесці пузаты збан элю і бутэльку канарскага. Маленькія вочкі медніка заблішчалі ад такой гасціннасці і шчодрасці. Ён з вялікай ахвотай і смакам апаражняў кубак за кубкам і горача дзякаваў чалавеку, што прывёў яго сюды, за цудоўны пачастунак.
Амаль увесь эль і віно выпіў ён адзін, бо незнаёмы толькі ледзь дакранаўся губамі да свайго куфля, а на падахвочванні медніка адказваў, што ён абдумвае, як найлепш ім злавіць Робін Гуда.
Збан і бутэлька апусцелі. Меднік пачаў кляваць носам і неўзабаве ўжо мірна хроп у кутку на лаве.
Чалавек у пунсовым усміхнуўся і адкрыў сумку Слая. Выняў з яе дакумент, прачытаў, і ўсмешка расплылася на яго твары. Ён засунуў паперу сабе ў кішэню і ціхенька выйшаў з карчмы.
Хвілін праз дзесяць у піўную залу ўвайшоў карчмар і аж здрыгануўся, калі ўбачыў, што чалавек у пунсовым знік, пакінуўшы бруднага абарванага медніка аднаго. Ён устрывожыўся: хто ж заплаціць за выпітае?
— Прачынайцеся! — крыкнуў ён і тузануў соннага госця.
— He, не, больш не трэба, дружа, больш ні-ні,— скрозь сон прамармытаў меднік. — Я ўжо добра такі выпіў за твой кошт.
— Я паклапачуся, каб гэта было не за мой кошт! — зазлаваў карчмар. — Прачынайся, санлівы бадзяга, ты не заплаціў па рахунку!
— Ты ўжо заплаціў па рахунку? — зноў прамармытаў меднік, думаючы, што размаўляе са сваім сабутэльнікам. — Як велікадушна з твайго боку. Павер мне, я не забуду тваёй шчодрасці, калі справа дойдзе да дзяльбы ўзнагароды.
— Навошта мне твая ўзнагарода! — кіпеў гневам карчмар. — Аддай, што вінен, і будзь здароў,— і так страсянуў медніка, што з яго імгненна зляцеў сон.
— Што? Чаго? Чаму? — прагаварыў ён збянтэжана. — А дзе мой таварыш, адважны ёмен, які падрадзіўся ісці са мной і браўся заплаціць за дваіх?
Раптам позірк Слая ўпаў на раскрытую сумку. Ён схапіў яе і зазірнуў усярэдзіну. I адразу зароў, як бык.
— Памажыце! — закрычаў ён. — Памажыце! Мяне разарылі! Абакралі, абрабавалі, прадалі! Дзе папера ад караля? Яна знікла, яе ўкралі!
— Папера ад караля? — здзівіўся карчмар. — Хто даверыць такому абадранцу паперу караля? А што ў ёй?
— Паверце мне, добры гаспадар, у мяне быў дакумент ад самога шэрыфа Нотынгема: дазвол караля злавіць злачынца па імені Робін Гуд.