Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 59

Джон Фінемар

— Пасля добрага абеду ў чалавека павінен быць лепшы настрой, — сказаў ён. — He лаяцца трэба і пагражаць, а слухаць музыку і скакаць. Зайграй нам што-небудзь вясёленькае на арфе, Алан-а-Дэйл, і яго светласць біскуп Герфардскі паскача пад яе.

— Яшчэ як паскача! — загрымеў Маленькі Джон, калі Робін Гуд пацягнуў біскупа за руку. — Я памагу яму.

Робін Гуд зайграць падаў Алану знак I біскупа ўзяў за руку, I біскуп стары заскакаў, як юнак, Бо баяўся вісець на суку.

На вялікую радасць разбойнікаў, Робін Гуд і Маленькі Джон прымусілі біскупа скакаць пад прыемныя гукі Аланавай арфы. Тоўсты біскуп танцор быў нязграбны, з яго твару не сыходзіла кіслая міна, калі ён падскокваў і прысядаў. Ім валодаў страх, ён не асмельваўся не паслухацца. Грошы свае ён ужо страціў, але жыццё страціць не хацеў.

Біскуп Герфардскі скакаў, пакуль зусім не знямогся. Тады Робін Гуд загадаў яму сесці на каня і ехаць. Біскупу не трэба было паўтараць два разы. Ён ускараскаўся на сядло і паспяшаўся ў Нотынгем.

Раздзел пятнаццаты

Робін Гуд і меднік

Калі біскуп Герфардскі вярнуўся ў Нотынгем без ніводнай, нават дробнай манеты з тых грошай, што ён сабраў за арэнду, небарака адразу пайшоў да шэрыфа, каб расказаць пра ўсё і параіцца з ім, што рабіць. А ў таго ж таксама нядаўна ачысцілі скарбніцу, і цяпер яна стаяла пустая. Абодва ненавідзелі Робін Гуда.

Назаўтра на рыначнай плошчы ад імя караля было абвешчана, што кожны, хто захоча злавіць у Шэрвудскім лесе славутага атамана разбойнікаў, атрымае ордэр на яго арышт і ўзнагароду ў сто фунтаў золатам за яго галаву.

Гараджане, якія слухалі абяву вяшчальнікаў каля рыначнага крыжа, пераглянуліся і заўсміхаліся. Яны ведалі, як лёгка паабяцаць сто фунтаў і як цяжка гэтыя грошы зарабіць. Ніхто не выйшаў наперад і не вызваўся ісці на пошукі разбойніка.

З краю натоўпу стаяў чалавек маленькага росту, каржакаваты, з брудным тварам і кірпатым носам. Вялікі скураны мех вісеў у яго за спінай на ручцы цяжкага малатка, які ён трымаў за брусок у левай руцэ. У правай у яго быў доўгі тоўсты яблыневы кій, на які ён абапіраўся, калі ўважліва слухаў вяшчальнікаў. Гэта быў вандроўны меднік, і звалі яго Джон Слай. «Сто фунтаў! — падумаў ён. — Што ж, узнагарода добрая. I ўсяго толькі за нейкага грабежніка, які хаваецца непадалёку ў лесе. Усё жыццё магу я вырабляць тазы і каструлі, а такіх грошай ніколі не ўбачу. Далібог, варта паспрабаваць».

Слай крануў за плячо гараджаніна, што стаяў побач, і спытаў:

— А ці цяжка, прыяцель, прабрацца ў логава Робін Гуда?

— Лягчэй лёгкага, — адказаў гараджанін і ўхмыльнуўся. — Але там ужо, думаю, пачнуцца для вас непрыемнасці.

Слай пагардліва трасянуў галавой. Дзень выдаўся спякотны, апошні сярэбраны пені медніка пайшоў на эль, якім ён наталіў сваю смагу.

— Клянуся, ён так лёгка не выслізне з маіх рук, — сказаў Слай і пайшоў па ордэр, які даваў яму права схапіць закаранелага злачынца Робін Гуда.