Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 60

Джон Фінемар

Медніку Слаю не толькі далі паперу, але яшчэ і падрабязна апісалі тыя мясціны, дзе можна знайсці Робін Гуда.

На другі дзень, на світанні, ён пайшоў з горада, цвёрда ўпэўнены, што схопіць Робін Гуда і разбагацее на гэтым. «Я пакажу паўночным тупіцам два-тры лоўкіяпрыёмчыкі,— думаў меднік Слай, размахваючы над галавой цяжкай дубінай. — Яны тут нават і не ўяўляюць сабе, якія кемныя і хітрыя жыхары поўдня. Я з горада Бэнберы, а ў нас там, у Оксфардшыры, тупагаловыя не водзяцца».

Слай ішоў ужо дзве гадзіны. Сонца паднялося высока, было вельмі горача, і ён прысеў пад вялікім разгалістым дубам, каб выцерці пот з ілба і яшчэ раз глянуць на паперу, уладанне якой поўніла сэрца гордасцю.

Зірнуўшы на паперу, ён зноў схаваў яе ў сумку і сабраўся ўжо ісці, як раптам убачыў, што па дарозе ў яго бок ідзе, не спяшаючыся, чалавек высокага росту ў пунсовым адзенні, з мячом на поясе.

«Вось добра! — падумаў Слай. — Гэты прыстойна апрануты ёмен, відаць, тутэйшы. Ручаюся, ён пакажа мне дарогу да разбойніка Робін Гуда».

Слай пайшоў насустрач чалавеку ў пунсовым адзенні. А той брыў, унурыўшы галаву. Калі падарожны выпадкова падняў вочы і ўбачыў чалавека з сумкай за плячамі, ён ветліва яму ўсміхнуўся і пачціва прывітаў яго.

— Хай вам спрыяюць нябёсы, — адказаў на прывітанне меднік. — Б’юся аб заклад, вы тутэйшы жыхар.

— Правільна, я жыву тут недалёка, — сказаў чалавек у пунсовым. — А вы дзе жывяце?

— Я меднік Джон Слай, а прыйшоў з Бэнберы, — адказаў Слай. — Якія ў вас тут навіны?

— Ат! Баюся, не вельмі прыемныя для людзей вашага рамяства, — лагодна ўсміхнуўся незнаёмы.

— А што такое? — пацікавіўся Слай.

— Ды ўчора ў нас двух меднікаў у калодкі пасадзілі за тое, што яны перапіліся.

— Кіньце вы! — закрычаў Слай, чалавек даволі запальчывы. — He стройце такія жарцікі са мной, прыяцель, a то ўраз пазнаёміцеся вось з гэтай тоўстай палкай.

— Вы прасілі расказаць вам навіны, — мякка запярэчыў незнаёмы, — і я рады быў вам услужыць. Аднак вы ж самі вандруеце з горада ў горад, з вёскі ў вёску, — навін у вас, відаць, поўны кораб. Дык, можа, раскажаце што-небудзь цікавае?

— Цікавае?! — закрычаў Слай. — А цікавае тое, што можна зарабіць сто фунтаў золатам, калі зловіш злачынца.

— Ого, няўжо праўда? — не паверыў незнаёмы. — А як гэта зрабіць?

— Ды вельмі проста. У вашых лясах хаваецца дзёрзкі разбойнік па імені Робін Гуд. У мяне ёсць дазвол злавіць яго. I калі я схаплю яго і прывяду ў Нотынгем да шэрыфа, у мяне ў кішэні зазвіняць сто фунтаў узнагароды. Памажыце мне, і частка гэтых грошай будзе ваша.

Незнаёмы пацёр пальцам лоб і, здавалася, глыбока задумаўся.

— Грошы вялікія… — прамовіў нарэшце ён. — Думаю, я мог бы паказаць вам, дзе яго шукаць.

— Цудоўна! Цудоўна! — усклікнуў меднік Слай і задаволена захіхікаў.— Тады разам і пойдзем, бо ў мяне

Папера ёсць ад караля Спыніць яго разбой. Дзе ён, скажыце мне, і я Вазьму і вас з сабой.

— Пакажыце, калі ласка, мне дакумент, — папрасіў дружалюбны незнаёмы, — і, калі ён сапраўдны, я зраблю ўсё, каб вы сустрэліся з Робін Гудам.