Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 58

Джон Фінемар

— Мне пара ехаць, — сказаў ён. — Падайце рахунак. Колькі з мяне за абед?

— Ну што ж, — сказаў Робін Гуд, — ваша светласць мае рацыю. Пасля таго як госць добра падсілкуецца, трэба разлічыцца. Але хто ж зробіць падлікі, пане біскуп?

Біскуп абвёў позіркам прысутных і крыху падумаў.

— Я хацеў бы, каб рахунак склаў вось гэты дастойны манах жабрацкага ордэна. — Тоўсты царкоўнік падціснуў губы і напусціў на сябе строгі выгляд. — Я ўпэўнены, што ён добры сын царквы нашай і не пакрыўдзіць ні мяне, ні вас, Робін Гуд.

Ліслівымі словамі да брата Тука біскуп хацеў выратаваць сваю казну, але ён не ведаў, што за чалавек гэты вясёлы і гаваркі слуга божы. Твар Тука засланяў вялікі чорны скураны куфаль, з якога ён цягнуў эль. Калі ён нарэшце выжлукціў яго і апусціў куфаль, у вачах у манаха паблісквалі іскрынкі.

— Нават так? — прабасіў ён. — Значыць, я павінен сказаць, колькі заплаціць біскупу за сённяшні шчодры пачастунак?

— Ага, ага, мой добры Тук, — пацвердзіў Робін Гуд. — Біскуп зрабіў правільны выбар. Як скажаш, так і будзе.

— У такім разе, — зноў прабасіў манах, — яго светласць павінна высыпаць усё, што маецца ў яго кашальку…

— Я зраблю гэта з радасцю! — усклікнуў біскуп і дастаў з сумкі, што вісела ў яго на поясе, кашалёк. — Вось ён, кашалёк. У ім адзінаццаць сярэбраных пенсаў, бярыце ўсе…

— Я не ўсё яшчэ сказаў,— перабіў яго Тук. — Ваша светласць павінна высыпаць усё з гэтага кашалька і яшчэ вунь з той вялікай скураной сумкі, што вісіць на сядле ў каня.

— He! He! — пранізліва закрычаў біскуп. — Хай яна там і вісіць! Яе, прашу вас, не чапайце. Рукі простых людзей не павінны кранаць тых грошай. Яны належаць царкве. У гэтай сумцы бедны збор з арандатараў царкоўных зямель.

— Бедны збор! — абурыўся Робін Гуд. — Скажыце лепш, з бедных арандатараў, пан біскуп. Большую частку тых грошай вы адабралі ў беднякоў, я гэта добра ведаю. Давай, Маленькі Джон, пакажы нам, якое багацце вязе з сабою пан біскуп.

Волат усхапіўся, узяў біскупаў плашч і разаслаў на траве. Потым пайшоў да біскупавага каня і вярнуўся з вялікай сумкай, якая была клапатліва прытарочана да сядла.

Усе вочы скіраваліся на туга напакаваную цяжкую сумку. Пачуўся прыглушаны гул галасоў, калі Маленькі Джон развязаў яе і з торбы шчодрым струменем пасыпаліся залатыя манеты.

— Глядзі, колькі грошай, атаман! — сказаў Маленькі Джон. — Вельмі прыемнае відовішча.

— Палічы, колькі тут, — папрасіў Робін Гуд.

— Тры сотні фунтаў,— адказаў Маленькі Джон, палічыўшы грошы.

— Забяром усе, — рашуча прамовіў атаман разбойнікаў.— Перш-наперш аддамо бяднейшым арандатарам тое, што ўзяў у іх біскуп. Рэшту пакінем на памяць аб прыемным абедзе, якім яго светласць біскуп Герфардскі меў ласку разам з намі частавацца.

Біскуп увесь пачарнеў ад злосці. Разбойнікі гэтак вольна распараджаюцца яго грашамі! Ён узарваўся і пачаў абражаць іх, але Робін Гуд толькі смяяўся.