Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 50

Джон Фінемар

Пачуўшы, што Робін Гуд задумаў трымаць яго ў Шэрвудскім лесе за палонніка цэлых дванаццаць месяцаў, шэрыф ажно застагнаў.

— Робін Гуд! — закрычаў ён. — Я лепш памру, чым яшчэ буду начаваць у гэтым лесе. Адсячы мне галаву, я табе дарую. Жыць як разбойнік! He, не, ніколі!

Аднак праз хвіліну шэрыф пачаў маліць Робін Гуда не пазбаўляць яго жыцця і адпусціць на волю, горача абяцаючы, што, калі яго вызваляць, ён заўсёды будзе надзейным сябрам Робін Гуда.

Робін Гуд цярпліва слухаў, потым падняў руку, каб спыніць паток мальбы палоннага шэрыфа.

— Паслухайце, пан шэрыф, — сказаў ён і вострым позіркам сваіх праніклівых вачэй нібы працяў шэрыфа. — Вашаму жыццю з майго боку ніколі нічога не пагражала. Толькі не думайце, што гэта з павагі да вас. Ніякай павагі да вас у мяне няма. Але я паважаю вашу пасаду. Я не хачу караць прадстаўніка караля. Калі б вы не былі на службе ў караля, я павесіў бы вас на самым высокім дрэве ў Шэрвудскім лесе. А цяпер, перш чым пайсці, вы дасце мне ўрачыстае абяцанне.

Як гаворыцца ў адной старажытнай баладзе,

— Вось меч — на ім дай слова, Ніколі і нідзе He зробіш мне благога — На сушы й на вадзе. Людзей маіх заўважыш Удзень ці уначы, Кляніся, ўміг разважыш, Як ім дапамагчы.

Шэрыф так абрадаваўся, што доўга не думаючы даў клятву. Робін Гуд паверыў яму на слова, аддаў яму каня, вывеў шэрыфа з лесу і паказаў дарогу ў Нотынгем.

Шэрыф патрухаў верхам дадому, увесь разбіты і змрочны, аддаўшыся горкім думкам пра сваю пустую скарбніцу.

Раздзел трынаццаты

Робін Гуд, Джордж-а-Грын і жабрак

Неяк аднаго дня Робін Гуд, Уіл Скарлет і Маленькі Джон ішлі па вялікай дарозе. Раптам да іх вушэй данесліся гукі вясёлай песні. Усе трое спыніліся, каб лепш разабраць словы, і вось што пачулі:

— Hi рыцар, ні сквайр, Hi дзёрзкі барон, Hi дзёрзкі барон He адважыцца шкодзіць Вэйкфілду — Зарукай таму мой загон.

Трое сяброў прайшлі яшчэ крыху па дарозе і ўбачылі дужага з выгляду, вясёлага чалавека, які сядзеў на зямлі, прыхінуўшыся спінай да цёрну, і заліваўся драздом.

— А-а! Я ведаю яго, — сказаў Маленькі Джон. — Гэта Джордж-а-Грын, вэйкфілдскі заганяты.

Заганятым у тыя часы называўся чалавек, які меў загон — адгароджанае месца для жывёлы, што адбілася ад статка, ці для прыблуднага звера.

— Ен, відаць, вялікі весялун, — сказаў Робін Гуд. — Але не такіх мы шукаем. Пайшлі цяпер сюды, — і ён збочыў з бальшака на пшанічнае поле.

Але не паспелі яны прайсці па полі і дзесяць крокаў, як Джордж-а-Грын кінуў спяваць і закрычаў ім услед:

— Куды вы пайшлі? Гэй, куды вы пайшлі? Так не ходзяць у нас тут ніколі. З каралеўскай дарогі вы раптам сышлі I пшанічнае топчаце поле!

— Усё-такі ён чалавек адважны, — спакойна сказаў Робін Гуд сваім спадарожнікам. — Нас трое, а ён адзін, і яшчэ камандуе.

— Думаю, у адвазе ён не ўступіць нікому ў Паўночным краі,— сказаў Маленькі Джон. — Я чуў, ён не адзін раз вырашаў спрэчкі з мячом і шчытом.