Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 49
Джон Фінемар
— Што такое? — гнеўна закрычаў ён. — Мой сярэбраны посуд! Ён знаходзіўся за сямю замкамі ў маёй скарбніцы, а цяпер бачу яго тут, у руках вераломных бадзяг! О, Рэно Грынліф, Рэно Грынліф, я ведаю, гэта ты яго выкраў!
Волат шырока ўсміхнуўся:
— Завіце мяне Маленькі Джон, пан шэрыф. Другое імя я ўжо скінуў з сябе разам з плашчом.
Вочы шэрыфа бліснулі шаленствам. Яго абвялі вакол пальца! Рэно Грынліф, яго прыслужнік, на самай справе пераапрануты страшны разбойнік Маленькі Джон, а ён і не ведаў! Шэрыф асеў на дзёран. Здавалася, цяпер і кавалак не палезе яму ў рот. Ды Робін Гуд так далікатна запрашаў, а голад так настойліва прымушаў яго ўзяцца за ежу, што шэрыф нарэшце пачаў есці і добра такі падсілкаваўся.
Як заўсёды пасля сытай вячэры, шэрыфа пацягнула легчы на мяккую пуховую пасцель і добра выспацца, але ў Шэрвудскім лесе не было пуховых пярын.
— Вы застанецеся з намі, шэрыф, — сказаў яму Робін Гуд, — і гэтай ноччу да вашых паслуг будзе лясны ложак. Гэта вельмі справядліва, бо вы сваёй жорсткасцю павыганялі шмат бедных сялян з іх вёсак у лес, дзе яны вымушаны спаць на голай зямлі, не заўсёды маючы плашч, каб накрыцца.
Робін Гуд загадаў Маленькаму Джону зняць з шэрыфа штаны і чаравікі, забраць падшыты мехам плашч і цёплую тоўстую камізэльку. Шэрыфу далі накідку з ярка-зялёнага сукна, і ён з радасцю ўзяў яе і захутаўся.
— А цяпер добрай ночы, шэрыф, — сказаў Робін Гуд.
— Добрай ночы? — здзівіўся шэрыф. — А дзе мне легчы? Дзе мой ложак?
— Ваш ложак? — усміхнуўся Робін Гуд. — У нас ва ўсіх адзін ложак. Паглядзіце, што мае людзі робяць, і рабіце тое ж самае.
Шэрыф убачыў, што гэтыя дужыя, загартаваныя хлопцы кладуцца проста на голую зямлю, і зразумеў, што і яму давядзецца гэтак пераначаваць. Лясныя стралкі Робін Гуда захуталіся ў ярка-зялёныя плашчы-накідкі, расцягнуліся на траве, выбраўшы пад галаву замест падушкі вытырклы корань, і адразу заснулі глыбокім сном здаровых людзей, што жывуць на свежым паветры.
Шэрыф, хочаш не хочаш, таксама лёг на зямлю, але яна была яму пасцеллю пакутніка. Ён стараўся заснуць. Нейкі востры корань упіўся яму ў бок, і шэрыф павярнуўся на спіну, але паміж лапатак трапіўся ладны камень. Давялося адсунуцца далей. Аднак тут не было на што пакласці галаву. Шэрыф перайшоў на іншае месца. Там дзёран крыху ўзнімаўся, нібы падушка. Сон не браў яго, бо ён увесь час дрыжаў ад холаду, часам яго моцна калаціла. Цэлую ноч не звёў шэрыф вачэй і вельмі ўзрадаваўся, калі нарэшце пачало шарэць на ўсходзе. Ён устаў і пачаў хадзіць сюд-туд па паляне, каб хоць крышачку сагрэцца. Тут да яго падышоў Робін Гуд.
— Ці даводзілася вам калі-небудзь спаць на лепшым ложку, пан шэрыф? — засмяяўся атаман разбойнікаў.— Што вы цяпер скажаце пра наша жыццё пад гэтымі магутнымі дрэвамі?
Шэрыф сказаў:
А Робін Гуд яму: