Читать «Сказ пра Робін Гуда» онлайн - страница 104
Джон Фінемар
Час ішоў. Як гаворыцца ў старадаўняй баладзе, «Робін Гуд у лесе жыў дваццаць год і два». Многа падзей адбылося за гэтыя гады. Робін Гуд страціў сваю любую Марыяну, шмат яго старых таварышаў спачылі вечным сном пад магутнымі дубамі, але верны яго памочнік Маленькі Джон заўсёды быў з ім, яны разам палявалі аленяў на лясных палянах.
I вось настаў дзень, калі Робін Гуд адчуў, што сілы яго слабеюць. Усё цяжэйшым здаваўся яму яго вялікі цісавы лук, а стрэлы ляцелі не так далёка, як раней. Робін Гуд зрабіўся невясёлы і змрочны.
I тут ён прыгадаў, што ў яго ёсць стрыечная сястра — абатыса жаночага манастыра ў Кірклі, вялікі знаўца тагачаснай медыцыны. Робін Гуд сказаў Маленькаму Джону, што пойдзе да яе і папросіць, каб яна пусціла яму кроў. У тую пару людзі верылі, што кровапусканне лечыць шмат якія хваробы.
Дабраўшыся да Кірклі, Робін Гуд пастукаў у дзверы дома абатысы. Адчыніла яму сама гаспадыня.
— Вось гэта госць! — абрадавалася абатыса, убачыўшы Робін Гуда. — Заходзь. Зараз я пачастую цябе для пачатку півам.
— He, дарагая сястрыца, — сказаў Робін Гуд, — ні піць, ні есці я не буду, пакуль ты не пусціш мне кроў.
Абатыса адразу павяла яго ў маленькі пакойчык наверсе і ланцэтам надрэзала яму вену на плячы. Потым пайшла, пакінуўшы яго аднаго.
Робін Гуд не ведаў, што трапіў у рукі каварнай жанчыны, якая сябравала з яго ворагамі і абяцала ім, як толькі надарыцца выпадак, загубіць сваяка. I вось цяпер такі выпадак падвярнуўся.
Праз некаторы час Робін Гуд адчуў, што яму робіцца млосна. Ён доўга ляжаў на ложку, ніхто да яго не прыходзіў. Тады ён неяк дабраўся да дзвярэй, хацеў адчыніць, але яны былі замкнёныя. Ён пачаў клікаць на дапамогу. Ніхто не адгукаўся. Мёртвая цішыня, нідзе нікога. I тады Робін Гуд зразумеў усё. Яго пакінулі тут паміраць.
Робін Гуд ледзь даплёўся да акна і адчыніў фортку. Ён адчуваў такую слабасць, што не мог стаць на падаконнік, каб скочыць уніз. I тут ён успомніў пра сігнальны ражок, які калісьці не раз выручаў яго з бяды. Ён ведаў, што Маленькі Джон чакае яго непадалёк у лесе, паднёс ражок да губ і тры разы пратрубіў. Але гукі былі кароткія, абрывістыя, ледзь чутныя, як слабы адгалосак тых звонкіх і гучных гукаў, што некалі так часта рэхам каціліся па Шэрвудскім лесе. Аднак яго верны таварыш, які чакаў яго і ўвесь час чуйна прыслухоўваўся, пачуў ледзь улоўны заклік аб дапамозе.