Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 76

Васіль Быкаў

— Узялі! Падавіліся там твае немцы. Вунь на шэсцьдзесят кіламетраў турнулі. Фронт прарваны, нашы наступаюць.

— Ай-яй! Глядзі ты! — зусім ужо збянтэжыўся Антон.

— Во, во! — сказаў сяржант. — Але табе чаго радавацца? Ты ж іншага чакаў?

Зоська не ўдзельнічала ў размове і ні пра што не пыталася — пасля нядоўгай збянтэжанасці ўсё ў ёй заззяла. Быццам нешта звалілася з яе плячэй, што ціснула іх доўгія месяцы, і яна выразна адчула, як ёй не хапала менавіта гэтае весткі з-пад Сталінграда. Хаця яна, можа, і не разумела ваеннай важнасці гэтага далёкага горада, але заўжды адчувала, як трэба там перамога. Калі толькі гэта не плёткі. Калі гэта на самой справе. Але хлопцы, мабыць, ведаюць пэўна, бо нават перадаюць падрабязнасці: прарваны фронт і нашы пасунуліся на шэсцьдзесят кіламетраў. I яна, заўважыўшы, як паныла змоўк Антон, зласліва падумала: цяпер хай суцешыцца. Ён жа так перажываў гэтую няўдачу пад Сталінградам, якая натхніла яго на здраду, няхай ён цяпер узрадуецца. Няўдачы няма, ёсць перамога. Дык чаго ж ён так апанурыўся, згорбіўся і апусціў плечы? Нічога ў яго не атрымалася з ягоных хітрых планаў і нічога не атрымаецца, думала Зоська амаль з прагавітым зларадствам.

Салей прывёў іх у ладны пакаты равок, мусіць, пачатак прырэчнага рова, яны дайшлі да рэдкага на схіле хмызнячку, і сяржант ззаду скамандаваў:

— Стоп! Пасядзім тут. А ты, — кіўнуў ён Салею, — давай дуй! Дваццаці хвілін хопіць?

Салей патаптаўся ў сваім падперазаным шырокай афіцэрскаю дзягай армяку, выцер рукой мокрую чорную бараду. Непадвязаныя вушы яго чорнай шапкі тырчэлі ў бакі.

— Паспрабую…

— Ну і добра! Давай дуй! — распарадзіўся малады камандзір, які па гадах мог быць сынам гэтага Салея.

Слізгаючы па снезе, Салей палез угору па схіле, а яны засталіся стаяць унізе. Таўстунок Пашка пачаў поркацца па кішэнях — збіраць закурку. На яго паўнаватым, з выгляду дабрадушным твары не было ні клопату, ні нават якой сур’ёзнасці, у куточках вуснаў жыла мяккая ўсмешачка, нібыта ён займаўся чымсьці маласур’ёзным, хаця і цікавым увогуле. На свежасчырванелым, нібы абпаленым, твары сяржанта, наадварот, адбівалася строгая важнасць, нейкая ваўкаватая незадаволенасць сабой ці іншымі, і Зоська падумала, што з ім трэба паводзіць сябе асцярожна. Такія, раззлаваўшыся, здольны на ўсё, а раззлаваць іх заўжды нічога не варта, яны ўспыхваюць, нібы порах.

— Так. А цяпер падрубаем, а вы пагледзіцё, — без ценю гумару абвясціў сяржант, дастаючы з кішэні нешта, загорнутае ў паперку, і Зоська адвярнулася. Ежа яе мала цікавіла, яна ўсё думала, як бы ёй вызваліцца ад апекі ці арышту гэтых людзей.

16

Стоячы на снезе ў раўку, Антон не пазіраў ні на Зоську, ні на двух партызан, якія ўзяліся есці з паперкі, і пах варанага мяса пакутна дражніў яго нюх. У каторы раз за сённяшні ранак і ноч Антон быў аглушаны і збянтэжаны, амаль раздушаны тымі нечаканасцямі, што абрынуліся на яго галаву. Мала яму было нязломнай упартасці Зоські, вераломнай выхадкі гаспадара хутара, які пайшоў па каня, а прывёў партызан, дык цяпер яшчэ і Сталінград. Горад, які, на ягоную думку, даўно павінен быў здацца, прынёсшы людзям канец гэтай праклятай вайны, гэты горад, аказваецца, не толькі ўтрымаўся, але яшчэ і даў у зубы немцам. Цяпер там наступленне, вайна доўжылася, перамога яшчэ невядома каму дастанецца. Ці не пра тое ж гаварылі ўчора і паліцаі, размову якіх так недарэчы недачуў Антон і з тае прычыны ледзьве не нарабіў глупства. Можа, цяпер ён павінен быў дзякаваць Зосьцы за яе выратавальную для абаіх цвёрдасць, дараваць яе выхадку з тапаром, наогул паспрабаваць памірыцца з ёю. Сапраўды, новая паваротка ў вайне вымушала Антона перагледзець некаторыя з сваіх ранейшых рашэнняў, перайначыцца ў адпаведнасці з новымі абставінамі.