Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 77

Васіль Быкаў

Калі толькі дазволяць гэтыя абармоты з Ліпічанскай пушчы, якія звязалі ягоныя рукі і вядуць невядома куды. Ужо ці не на той бок Нёмана? У такім выглядзе ён не мог паявіцца ў партызанскай зоне, дзе яго адразу возьмуць пад арышт, ужо там яму не мінуць следства. Усякую магчымасць абвінавачвання трэба было пагасіць тут. Але як? З гэтым зласлівым недамеркам, якога яны называюць сяржантам, нават і паразмаўляць немагчыма, ён загадзя ўсё ведае і ўпэўнены, што Антон — вораг. Ды і Зоська таксама ашчэрылася супраць — не падысці. Але, разважыўшы, Антон падумаў, што ў ягоным становішчы, як ні дзіўна, выручыць яго можа менавіта адна толькі Зоська. Можа ўтапіць канчаткова, а можа і вызваліць — гэта ўжо будзе залежаць ад яе да яго адносін.

Сяржант з таўстуном тым часам, напэўна, даелі мяса і ляніва дажоўвалі хлеб, пазіраючы на абрыў, дзе павінен быў паявіцца некуды пасланы імі Салей. Зоська дэманстратыўна адвярнулася ад яго і засяроджана калупала ботам у снезе. У раўку было схоўна, не дужа ветрана, падаў рэдкі сняжок. Ногі ў непрасохлых ад ночы ботах пачалі хутка мёрзнуць на невялікім марозе, але Антон не спяшаўся выпраўляцца адсюль, ён напружана меркаваў, што рабіць, як падступіцца да гэтага сяржанта ці хаця б да Зоські. Ён адчуваў, што пакуль была такая магчымасць, пасля яна можа знікнуць, і ён ні да каго ні з якога боку ўжо не падступіцца.

Ён не надумаў нічога, хаця мінула, мабыць, болей чым дваццаць хвілін, і Салей не вяртаўся. Гэтая яго затрымка пачала прыкметна трывожыць сяржанта, які, стоячы на дне раўка і засунуўшы рукі ў кішэні старога, з рудымі падпалінамі ад агню шыняля, усё пазіраў на абрыў і нецярпліва таптаўся ў снезе — ужо вытаптаў невялікую, з квадратны метр, пляцоўку. Нарэшце, мабыць, згубіўшы трыванне і нядобрым словам памянуўшы японскага гарадавога, палез на схіл. Там, над раўком, дзе пачыналася ворыва, было трохі раўней, і назіраць адтуль было болей зручна. Скамечыўшы ў руках снежку, ён шпурнуў ёю ў равок і скамандаваў:

— Ану давай усе сюды! Усе, усе! I вы таксама.

Зоська, за ёй таўстунок Пашка і апошні Антон пачалі лезці па схіле ўгору. Лезці па слізкай, засыпанай снегам траве было нязручна наогул, а са звязанымі рукамі дык і зусім немагчыма. На сярэдзіне схілу Антон паслізнуўся і бездапаможна выцяўся грудзямі аб зямлю, адразу пачуўшы на вуснах саленаваты прысмак крыві. Сяржант угары зласліва, коратка рагатнуў, і Антону спатрэбілася немалое намаганне, каб не паддацца шаленству, якое хлынула на яго. Ім смешна! Звязалі, абяззброілі, кудысьці вядуць сілай і яшчэ цешацца з яго немачы. Знарок не спяшаючыся, ён падняўся з каленяў, як-колечы стаў на расслізганым схіле; побач на снег упала некалькі ружовых кропляў крыві — няхай! Яны ўсе ўтраіх спакойна стаялі наверсе, на абрыве, і з насмешлівым здзекам пазіралі, як ён няспрытна караскаецца на схіл, і ён знарок прадэманстраваў ім сваё прыніжэнне — хай радуюцца. Гэты ўдар зубамі аб зямлю не шмат дадаваў да тых няўдач, якія спасцігалі яго сёння, і без таго ён адчуваў сябе абражаным. Пад іх зласлівымі позіркамі ён выбраўся з раўка, пакідаючы за сабой чырвоныя на снезе кроплі, і пакорліва стаў перад канваірамі.