Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 75

Васіль Быкаў

— За што? — азірнуўшыся, спрабавала ўсміхнуцца Зоська.

— За то! Вайна, заданне, а яны тут любоў круцяць. Ды марадзёрствам займаюцца па хутарах. А цяпер — заданне…

Не, ён быў невыносны, гэты малады задавака, і заслугоўваў таго, каб з ім пасварыцца. Але цяпер Зоська рашыла маўчаць, чорт з імі. Некуды ж яны ўрэшце іх прывядуць, не будуць жа яны ўдзень плясціся сярод снежнага поля, значыць, раніцай недзе схаваюцца. Сапраўды, было відавочна, што яны спяшаліся, сяржант некалькі разоў ціха, але зласліва пакрыкваў на пярэдняга: «Салей, шырай шаг!» — і той паскараў і без таго даволі таропкі свой крок. Зоська ўжо спатнела, але старалася не адставаць ад Антона, які, угнуўшы галаву, з адтапыраным на спіне кажушком спорна крочыў наперадзе. Там, у хаце, калі яна курчылася на падлозе са звязанымі рукамі, а ён уладарна распараджаўся яе лёсам, яны былі раздзелены неадольнай варожасцю, і думалася, што памірыць іх можа хіба што смерць. Але, як толькі з’явіліся гэтыя хлопцы, становішча крута змянілася. Антону звязалі рукі, але і ёй быццам не развязалі, абое яны апынуліся пад канвоем у гэтым начным полі, лёсы абаіх завалакло туманам няпэўнасці, і гэтая няпэўнасць зноў нібы аб’яднала абаіх. Зоська падсвядома адчувала ўсё гэта, і гэта яе гняло. Горш за ўсё, аднак, што з імі амаль не размаўлялі, ніхто ні пра што іх больш не пытаўся, і Зоська не ведала, як усё растлумачыць гэтым суровым, незгаворлівым людзям. Яна проста не ведала, з чаго пачаць.

Падобна, аднак, яны кіравалі ў лес, які ўжо зацямнеўся воддаль у світальным сутонні, — зноў у бок Нёмана, далей ад Скідзеля. Зоська з самотнай паныласцю заўважыла тое, але што было ёй рабіць? Яе вялі, як арыштантку, і нават не хацелі сказаць куды. Праўда, усё ж яна адчувала, што кепскага ёй не зробяць. На яе баку была праўда, і, здаецца, з’явіўся заступнік, гэты во спрытны таўстунок Пашка, які яе недзе бачыў.

Тым часам амаль развіднела — з шэрай імглы выплыла такое ж шэрае зімовае поле — голая роўнядзь з недалёкім ляском наперадзе. Ад гэтага лесу ў поле ўразаўся неглыбокі равок з кустоўем, убачыўшы які, Салей збочыў насустрач, і хутка яны ўсе ўвайшлі ў равок. Сяржант з таўстунком, якія ішлі ззаду, пра нешта ціха перамаўляліся, Зоська, адрываючыся ад сваіх перажыванняў, разы два ўслухалася, але ўчуць нічога не ўчула, а Антон раптам смыгануў шыяй, быццам спаткнуўся нават. Зоська стрымала дыханне — падобна, ззаду размаўлялі пра нейкае наступленне, і Антон зацікаўлена запытаўся:

— Рабяты, а што на фронце чуваць?

— А табе нашто? Каб немцам перадаць?

— Не, праўда? Як Сталінград? — дабіваўся Антон, і Зоська заўважыла, як ён увесь сцяўся і прыціх.

— Сталінград даў фрыцам у зубы, — сказаў Пашка. — Паперлі немцаў пад Сталінградам.

— Ды ну? — з разяўленым ад здзіўлення ротам азірнуўся Антон.

— Ты давай топай! — прыкрыкнуў сяржант. — А то здзівіўся, японскі гарадавы!..

— Не, на самой справе! Немцы ж казалі, што Сталінград узялі.