Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 74

Васіль Быкаў

Хуткім крокам яны прамінулі калодзеж і выйшлі ў начное поле. Злашчасны той хутар неўзабаве без следу растаў у шэрых прыцемках ночы, зліўся са змрочнай сцяной хваёвага лесу. Зоська, аднак, не азіралася, яна зноў ледзьве паспявала за Антонам. Пустыя рукавы ягонага кажушка матляліся на ветры, быццам крылы падстрэленай птушкі, і Зосьцы на хвіліну ўспомніўся яе нядаўні загадкавы сон. Сон, безумоўна, меў нейкі страшны для яе сэнс, у другі раз яна б доўга хадзіла пад яго ўражаннем, цяпер жа думаць аб ім не было часу. Рэчаіснасць была мала лепшая за сон, і зноў было невядома, чым усё скончыцца.

Яны хутка ішлі начным полем па неглыбокім, трошкі счарсцвелым пад ранак снезе. Антон старанна крочыў за чорнабародым з вінтоўкай, які вёў усю групу і якога сяржант называў Салеем. Зоська здагадалася, што ён з тутэйшых, яе землячок, значыць. Але разлічваць на яго дапамогу не было падставы, яна зразумела, што тут усім верхаводзіў гэты малады сяржант, да якога невядома як было падступіцца. Зрэшты, яна атрымала магчымасць перавесці дыханне, усё ж яна ўратавалася ад пагібелі, Антонавы планы, здаецца, рухнулі, і Зоська з цёплай удзячнасцю ўспомніла гаспадара хутара, гэтага паслугача сваёй жонкі, які не разгубіўся, уратаваў хутар і Зоську. Але, дзіўная справа, Зоська не адчувала ў сабе палёгкі, кепскія прадчуванні прадаўжалі ўладарыць над яе свядомасцю.

Яна ўсё ішла полем міма нейкіх кустоў, зверху з цёмнага неба падаў нябачны ў цемры рэдкі сняжок, асобныя сняжынкі раставалі на яе твары, і яна зусім не разумела, куды іх вядуць. Цяпер, калі небяспека трошкі аддалілася, Зоська стала думаць пра тое, што ёй усё ж трэба ў Скідзель. Усё ж заданне заставалася. I цяпер быццам бы адпала тое, што не давала магчымасці яго выканаць. Пра Антона Зосьцы не хацелася ўспамінаць нават, ён перастаў для яе існаваць, і, хаця ішоў праз тры крокі наперадзе, ён цяпер быў — нішто. Імкненне канчаткова вызваліцца ад усяго, што так ганебна звязалася з ім, і рабіць сваю справу ўсё настойлівей авалодвала ёю, і яна не стрывала.

— Хлопцы, а куды гэта вы нас ведзіцё? — запыталася яна па магчымасці весялейшым голасам.

— Куды нада! — холадна кінуў сяржант, які крочыў апошні ў гэтым страі.

— Тут такая справа, — падумаўшы, сказала Зоська. — У мяне заданне…

— Якое заданне?

— Ну… Я ж не магу вам сказаць якое. Мне трэба ў Скідзель.

— Да немцаў?

— Ну чаму да немцаў? — гатова была пакрыўдзіцца Зоська. — У мяне заданне…

— У нас таксама заданне, японскі гарадавы! — зласліва крыкнуў сяржант. — А мы важдаемся з вамі, час трацім. Вось возьмем і шлёпнем абаіх к чортавай матары!