Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 105

Васіль Быкаў

…Яна зноў адчувае сябе ва ўладзе знаёмай з дзяцінства хваравіта-салодкай слабасці, калі хочацца толькі спакою, цішыні і забыцця, таму што ў целе — пакуты і боль. I разам з тым яна ва ўладзе сцішанай абыякавасці да сябе і ўласнага лёсу, які цяпер ад яе не залежыць.

З часам яна заўважае, што мерна пагойдваецца і плыве, плыве кудысьці, быццам у сне. Але сну няма, гэта ўжо рэчаіснасць. Зоська бачыць касматы беражок накінутага на яе кажушка і далей — яркую сінь світальнага неба. Мернае пагойдванне нясе і нясе яе быццам на хвалях, і ёй нават прыемна ад гэтага руху ў невядомае. Не адразу яна здагадваецца, што яе вязуць па палявой саннай дарозе, і не можа запытаць куды, але і не трывожыцца. Значыць, так трэба.

Яна толькі хоча зразумець, хто з ёй? Адчуваецца нечая прысутнасць побач, напэўна, ён кіруе канём, але хто гэта? Ёй бы толькі б зірнуць на свайго выратоўцу, і ўсё. Пра Антона яна ўжо не думае — хай ён згіне, забойца! Галоўнае, яна выратавана, дасць Бог — ачуняе, і тады яна з ім паквітаецца. Яна зірне ў подлыя яго вочы, яшчэ ён паваляецца ля яе ног.

— Нэ-нэ, шавяліся, мілая…

Але гэта ўсё тая ж знаёмая ёй цётачка, што паіла яе малачком, і Зосьцы робіцца сцішана і спакойна, яна прывыкла ўжо да яе падобнага на матчын голасу. Нявыказаная ўдзячнасць шчымлівай тугой сціскае нешта ўнутры, і з Зосьчыных вачэй коцяцца па шчоках дзве казытлівыя сцюдзёныя слязінкі.

— Нічога, дзяўчатка, усё будзе добра. Перахаваем цябе ў добрай мясціне, як-небудзь, дасць Бог, ачуняеш. Маладая яшчэ, жыць будзеш, дзетак народзіш. Не век жа гэтай праклятай вайне доўжыцца, — як са свежай крынічкі летнім поўднем, абнадзеена гучыць побач.

Зоська сцішваецца пад цёплым кажушком і думае: а можа, і праўда: страшнае ўжо мінулася і яна як-колечы выкараскаецца са сваёй бяды.

1978