Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 78

Васіль Быкаў

— Што раскрывяніўся?! — незадаволена сказаў сяржант, перастаючы ўсміхацца. — Ану вытрыся! Неча тут крывёю смаркацца.

Антон стаяў моўчкі, з нямым дакорам у позірку і не варухнуўся нават, калі збоку да яго нечакана ступіла Зоська. Працягшы руку, яна рукавом сачка коратка выцерла яго бараду, зрабіўшы гэта моўчкі, двума кароткімі рухамі рукі, і Антон ледзьве ўтрымаўся, каб не скалануцца ад яе дотыку. Толькі калі яна адышлася з такім выглядам, быццам ёй няма больш да яго справы, штось унутры ў яго варухнулася — сум па страчанаму ці, можа, надзея.

— Так, так! — з’едліва ўхмыльнуўся сяржант. — Цяпер бачу, японскі гарадавы!..

Ён не скончыў, аднак, — усе разам павярнуліся да недалёкага грэбня пагорка, дзе трошкі ў баку ад ланцужка сваіх ранейшых слядоў паказаўся Салей. Ён хутка шыбаваў уніз да раўка, часам шырока слізгаючы па снезе, і сяржант з таўстуном, мабыць, штосьці ўчуўшы, прыціхлі. Антон, трошкі адвярнуўшыся, выцер аб каўнер кажушка кроў, што ўсё сачылася з драпіны на барадзе, і таксама глядзеў на Салея. Ён адчуваў, што той нясе вестку, якая і для яго можа аказацца важнай.

— Ну што? — нецярпліва крыкнуў сяржант, калі пасыльны падышоў крокаў на дваццаць. Але той толькі махнуў рукой.

— Што, не дайшоў? — запытаў таўстун Пашка.

— Дайшоў. Але што карысці…

— Чаму так?

— Сівага ўзялі! — аб’явіў Салей, падышоўшы, і скінуў вінтоўку прыкладам на снег, ссунуў на патыліцу шапку. Ад яго спатнелага лба ішла пара.

— А гэта… Баба яго? — напомніў сяржант.

— Баба асталася. Ад яе і дазнаўся. Цераз беразнячок не прайсці.

— Ды ну?

— Аблава там. Паліцыя і жандары. Акурат у бярозах заселі.

— А калі правей. Полем?

— А вёска там. З вёскі ўсё на віду. Не пусцяць.

— Дзяла, японскі гарадавы! — паныла сказаў сяржант і павярнуўся назад да раўка. Паўхвіліны ён звузелымі вачмі ўзіраўся ў прытуманеную шэрань прасторы.

— Што ж нам цяпер, дняваць тут? — ціха сказаў да яго Пашка.

— А хрэн яго знае…

— Я так думаю, — пасля паўзы запараным голасам сказаў Салей. — Можна паспрабаваць ля чыгункі. Насыпка там невысокая, але… Якіх паўвярсты.

— А цераз насып не бачна? — усумніўся Пашка.

— Не, не ўбачаць. Калі паўзком…

— Паўзком? З гэтымі во? — злосна кіўнуў сяржант на Антона.

— Калі толькі паўзком, — настойваў Салей.