Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 73

Васіль Быкаў

— Чаму звязаў?

— Бачыце, — няпэўна пачаў Антон, але затым даволі бадзёра вытлумачыў: — Мы былі на заданні, ну і яна рашыла перабегчы да немцаў.

– Ілжэш! — уся скаланулася Зоська. — Ілжэ ён!

Яна зноў гатова была заплакаць ад бязмежнае крыўды і гэтага новага вераломства Антона. Але той, ніколечкі не сумеўшыся ад яе крыку, цепнуў плячом і кіўнуў на гаспадара.

— Вунь сведка.

— Во як?! — чырванатвары ўважліва паглядзеў на Зоську.

— Пастой! — раптам іншым тонам сказаў таўстунок Пашка. — Я ж яе ведаю. Яна сапраўды з «Сувораўскага». Зося, здаецца.

Зоська, не адказаўшы, толькі спыніла свой ціхенькі плач, выцерла аб плюшавае плячо мокрую шчаку і ўважлівей паглядзела на свайго заступніка. Не, ён быў ёй не знаёмы, здаецца, яна бачыла яго першы раз, хоць магчыма, што недзе з ім сустракалася.

— Гэта не я, а ён рашыў перабегчы да немцаў, — сказала яна спакойна і ўстала з падлогі. — Во хай гаспадар скажа.

Усе разам павярнуліся да гаспадара, але той толькі паморшчыўся, пераступіў з нагі на нагу і затым загаварыў на сваёй мешаніне беларускай з польскай:

— Я, пан, мало розумем… Так, штось пан гаварыў. У Скідзель бытта ісці. Пані не хацела ісці. Чаму — не розумем.

— Ну, гэта чапуха! — з упэўненасцю сказаў таўстунок Пашка. — Таварыш сяржант, яй-Богу, гэта наша дзеўка. Я яе ведаю.

— Японскі гарадавы! — заклапочана вымавіў чырванатвары і скамандаваў: — Развязаць!

— Харошая дзеўка, яй-Богу, — запэўніў таўстунок і ступіў да Зоські.

Хвіліну пакалупаўшыся над яе вузлом, ён развязаў вяроўку, і Зоська з палёгкай апусціла набрынялыя рукі. Чорнабароды з вінтоўкай моўчкі стаяў ля дзвярэй. Гаспадар адсунуў стол да печы, і ў дзвярах паявілася напалоханая гаспадыня з Вацыкам. Яны моўчкі сталі назіраць, што адбывалася ў трысцене, на сценах якога няспынна варушыліся-мільгалі чорныя цені людзей. Стоячы трохі ўбаку, сяржант пільна сачыў за кожным рухам Зоські і Антона, штось глыбакадумна асэнсоўваючы і ўсё хмурачы тонкія броўкі на строгім маладым твары.

— Так! А таго звязаць! — паказаў ён на Антона, і таўстунок ступіў да яго з вяроўкай. Антон збянтэжана развёў рукамі.

— Ды што вы, рабяты? Я — свой!

— Гэта яшчэ мы пабачым, які ты свой. Ану рукі назад!

Рабіць не было чаго, Антон неахвотна заклаў рукі назад і трохі павярнуўся плячамі да таўстунка, які абматаў яму кісці вяроўкай.

— Во так. Спрытней будзе…

— Гэта безабразіе, сяржант! Мала што наган адабралі, дык яшчэ і вязаць! За што? Што гэта сказала? I вы ёй паверылі? Можа, у мяне з ёй асобныя шчоты?

— Гэта якія шчоты? — з’едліва пацікавіўся сяржант.

— А хоць бы палюбоўныя. А яна…

— Японскі гарадавы! Ты нам тут не цямні! Ану марш! Яны расступіліся, прапускаючы Антона наперад, да выхаду, і той завагаўся.

— Куды?

— Куды трэба. Ну? Марш!

— Дайце хоць паўшубак надзець! — прыкметна занерваваўся Антон, і таўстунок накінуў яму на плечы яго кажушок. Антон варухнуў плячыма і пасля нядоўгага роздуму рашуча ступіў да дзвярэй.

— Ты — тожа! — кінуў сяржант Зосьцы, і яна пайшла за Антонам.

На дварэ вісела перадсвітальная імгла, у якой ледзь шарэў снег і паніклі, згорбіліся цёмныя цені хлявоў. Сцюдзёны пранізлівы вецер нядобра дзьмухнуў Зосьцы ў твар, непрыемнай слатой астудзіў яе шчокі, і яна з апалым сэрцам падумала, што яе таксама вядуць, як арыштантку. Але куды яны павядуць яе, гэтыя ліпічанскія хлопцы? Ці не збіраюцца яны тут учыніць хуткі суд і расправу над Антонам, а заадно і над ёй таксама? Але, мабыць, суд-расправа пакуль што адкладваліся, для таго трэба было выйсці з небяспечнай зоны ці зашыцца глыбей у лес. Хаця, мяркуючы па змрочнай рашучасці гэтага сяржанта, ён мог лёгка прыкончыць дзе хочаш.