Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 72

Васіль Быкаў

Крылы, аднак, не памаглі ёй узняцца, яна ўжо была на зямлі, сярод снежнага поля, і, б’ючыся грудзьмі аб дол, адчайна спрабавала ўзляцець. Вялізныя яе крылы толькі размяталі вакол рыхлы марозны снег, махаць з кожнай хвілінай рабілася ўсё трудней, сілы яе канчаліся, і ў свядомасць шыбануў страх ад думкі, што яна гіне.

Пасля яна нібы аддзялілася ад той чорнай птушкі і ўбачыла яе збоку — распластанай на снезе з апушчанымі, перасыпанымі снегам крыламі і апалай галавой на схіленай, з ускудлачаным пер’ем шыі. Птушка рабіла апошнія канвульсіўныя рухі і роспачна білася вострымі грудзьмі аб снег. Яна ўжо не ўзлятала — яна памірала, гэта вялізная чорная птушка ў заснежаным полі, і з ёй разам у невыразнай роспачы, здаецца, канала Зоська…

Але яна не памерла — яна раптам прачнулася з адчуваннем таго, што навакол нешта змянілася, можа, нават здарылася нешта. У накінутым на плечы кажушку Антон расчыняў дзверы, з якіх у воблаку сцюжы ў трысцен увайшоў гаспадар, за ім нейкі чалавек у шынялі, са счырванелым ад ветру тварам, пасля таўстунок у суконнай паддзёўцы і чорнабароды мужык у армяку і з вінтоўкай. Зоська пасунулася бліжэй да сцяны, спрабуючы ўстаць як не на сваіх нагах і не разумеючы, што адбываецца. Антон адступіў да печы пад накіраваным на яго аўтаматам пярэдняга, які з нязлоснай упэўненасцю закамандаваў:

— Рукі ўгору! Угору, угору! Во так. Пашка, абшукаць! Зоська з трапяткім ад спалоху сэрцам ціснулася да сцяны і не ведала, што рабіць. Яна толькі глядзела, як таўстунок у шэрай паддзёўцы, якога пярэдні назваў Пашкам, рашуча шкуматнуў з Антона яго кажушок, лапнуўшы па кішэнях штаноў, выняў з правай наган, пачаў нешта намацваць у левай. Знешне амаль спакойны, Антон стаяў, трохі прыўзняўшы рукі, і мармытаў разгублена:

— Рабяты, ды што вы? Ну чаго вы? Свайго не прызнаеце, ці што? Я ж з «Сувораўскага»…

— А гэта мы яшчэ паглядзім, з якога ты «Сувораўскага», японскі гарадавы! Чым тут займаешся? — строга запытаў невялічкі з чырвоным тварам і падабраў аўтамат. — А яна? Хто яна такая?

Тут яны ўсе разам павярнуліся да яе, разглядваючы яе пры цьмяным святле капцілкі, і да свядомасці Зоські паволі, як пасля страты прытомнасці, стала прабівацца думка, што гэта ж свае, напэўна, з нейкага ліпічанскага атрада, хлопцы-партызаны. Але, амаль паверыўшы ў сваю здагадку, яна чамусьці не ўзрадавалася, тут жа сцяміўшы, што радасці з гэтага будзе не многа. Хутчэй зноў будзе кепска.

— Яна таксама з «Сувораўскага», — сказаў Антон і прыапусціў рукі. Ніхто з іх не заўважыў таго, усе пазіралі на скурчаную пад сцяной Зоську. Зоська між тым маўчала, бо не мела права называць сябе, хаця і адчувала, што зараз, відаць, пачнуцца роспыты і трэба будзе нешта сказаць.

— А чаму звязана? Гэта што — ты яе звязаў? Японскі гарадавы! — хмурачы светлыя броўкі на яшчэ юначым твары, дапытваў той, што стаяў з аўтаматам. Напэўна, ён тут быў старшы.

— Я звязаў, — проста сказаў Антон, і гаспадар, які стаяў ззаду за ўсімі, ледзь прыкметна кіўнуў галавой.