Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 71

Васіль Быкаў

У той жа час, востра адчуваючы сябе душэўна, яна ніяк не адчувала сябе фізічна, яна нават не ведала, як і ў чым яна апранута і ці ёсць у яе рукі, ногі, быццам яна без цела, без свайго ранейшага аблічча або страціла здольнасць зрокава ўспрымаць гэтае аблічча. Што датычыць навакольнага свету, дык ён даволі поўна ўспрымаўся ёю ва ўсёй яго рэчаіснасці, яна бачыла ля сябе нейкіх людзей, якія стаялі і размаўлялі, быццам на кірмашы ў дзень свята. Магчыма, гэта адбывалася нават на кірмашовай плошчы ці, можа, на лужку за мястэчкам. Не зважаючы на гаману і мітусцю навакол, людзі таксама чакалі хуткае паяўленне яго, хаця, можа, і не так нецярпліва і прагна, як чакала Зоська.

Але адбылася дзіўная падмена ў гэтай атмасферы ўсеагульнага чакання, чамусьці нікім, нават самой Зоськай, ніяк не заўважаная, — проста адзін стан неўпрыкмет змяніўся другім, і замест яго ўгары апынулася сама Зоська. Яна лёгка і вольна плыла ў вышыні над зямлёй, дрэвамі і людзьмі, дахамі нейкіх будынін, возерам і крывулякай рэчкай. Гэта быў радасны, чароўны палёт, поўны салодкага адчування прасторы і бязмежнага шчасця волі. Зоська лёгенька махала рукамі, каб трымацца на вышыні, дзе яна не адчувала ні ўласнай вагі, ні прыцягнення зямлі, ні нават супраціўлення паветра. Унізе былі, напэўна, усё тыя ж людзі, па адным і ў невялікіх купках, але цяпер ёй не было ніякае справы да гэтых людзей, ёй прыемна было аддавацца радаснаму адчуванню палёту над гэтай цёплай вясновай зямлёй.

Аднак нешта ўжо змянілася ў самой Зосьцы ці, можа, у гэтай прасторы, нейкая сіла ўладарна пацягнула яе ўніз, яна адчула вагу ўласнага цела, мацней замахала рукамі. Але ўтрымацца на вышыні яна ўжо не магла і катастрафічна хутка апускалася; зямля, дахі, дрэвы і тэлеграфныя слупы пры дарозе ўсё набліжаліся, яна з усяе сілы працавала рукамі, але спыніць зніжэння ўжо не магла. Яе з уладарнай няўхільнасцю цягнула ўніз, дзе ўжо бегалі, крычалі і махалі рукамі нейкія людзі ў чорным, яны ўжо гатовы былі ўхапіць яе, і ёй патрэбна было вялізнае намаганне, каб ухіліцца ад іх доўгіх пагрозлівых рук. Прадчуваючы, што яе чакае на зямлі, яна з усяе сілы працавала рукамі, і гэтыя яе рукі раптам ператварыліся ў крылы — шырокія, чорныя крылы птушкі, якой стала яна сама.