Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 58

Васіль Быкаў

Душэўны неспакой Зоські надта азмрочваў цеплыню гэтай гасціны, якая, аднак, канчалася. Праўда, Зосьцы хацелася як мага болей часу праседзець тут, можа, заначаваць нават. Але Антон, відаць, быў настроены інакш і, з’еўшы ў дадатак да ўсяго кавалак хлеба з салам, устаў з-за стала.

— Ну, пані, дзякуй. Так накарміла, што дай табе Бог здароўя.

— I пану нех Бог дае здароўя.

— Дасць, куды дзенецца! Як кажуць, пагрэліся і пара ў пуць-дарогу.

Ён пачаў вылазіць з-за стала, і ў Зоські трывожна застукала сэрца ад думкі, што зараз трэба наважыцца. Трэба адмовіцца ісці з ім далей, няхай ідзе, куды хоча, адзін.

— Можа, у пані і закурыць знойдзецца? — звярнуўся Антон да гаспадыні.

— Ест, ест, — пацвердзіла тая. — Стэфан, пану пшыпаліць!

Паслухмяны гаспадар на гэты раз без слоў падаўся на другую палову хаты і вярнуўся са скураным капшуком у руках. Мужчыны павольна згарнулі цыгаркі, пасля Стэфан дастаў на канцы лучынкі агеньчык з печы, і яны прыкурылі.

— Ну, як жывецца на хутары? — пацікавіўся Антон, праз дым выпрабавальна пазіраючы на гаспадара. Той, быццам не ведаючы, што адказаць, пашкроб патыліцу.

— Так, пан. Калі як. То добжа, то кепско.

На яго зарослым густой шчэццю твары адбілася клопатнае напружанне думкі, і ён таксама з прыкметнай увагай паглядзеў на госця.

— Што, мусіць, не даюць спакою пад лесам?

— Так. Калі не даюць. А калі і даюць.

— А хто турбуе? Немцы? Партызаны?

— Як пану сказаць? Калі так, калі гэтак.

Аднак хітраваты мужычок, не глядзі, што праставаты з выгляду, падумала Зоська, пазіраючы на вялікую, з дымнай цыгаркай руку гаспадара ля печы. Рука яго, аднак, была спакойная, і ўся яго сялянская пастава сведчыла пра зважлівае чаканне, і нічога болей. Сам ён надта гаварыць не меў ахвоты. Гаспадыня прыбірала посуд, пераставіла ў пячурку капцілку, каб у трысцене было святлей, яна не ўдзельнічала ў размове мужчын. Вацык нізка сядзеў на чымсь у дальнім цемнаватым кутку, не зводзячы ўважлівых вачэй з Антона і Зоські.

— Ну што ж, нам пара, — Антон загасіў у пальцах цыгарку. Рэшту яе запіхаў за пакамечаны адварот шапкі і надзеў папку на галаву. — Зося!

Нагнуўшы галаву, Зоська нерухома сядзела ў канцы стала.

— Давай патопалі. Перадыхнулі, паелі, — сказаў Антон і ўстаў, загарадзіўшы сабой палову трысцена.

Зоська паволі падняла галаву, убачыла звернутыя да яе запытальныя погляды гаспадыні ад печы, гаспадара з лаўкі насупраць. Нешта, відаць, яны адчулі ў яе паводзінах, і гэта насцярожыла іх.

– Ідзі адзін, — хрыплавата ад хвалявання выціснула яна. — Я тут застануся.