Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 56

Васіль Быкаў

— Проша пані і пана сядаць, — з лагоднай напеўнасцю ў голасе сказала гаспадыня.

— Сядзем, — сказаў Антон. — Сядай, Зоська, пераабувайся. Пагрэемся трохі.

Зоська з асалодай апусцілася на гладкую дубовую лаўку, сцягнула ўшчэнт раскіслы бот. Хлопчык зноў заняў сваё месца за сталом.

— Што чытаеш? — запыталася Зоська, зазіраючы ў кніжку.

— Я? «Таямнічы востраў», — пераадольваючы ніякаватасць, адказаў хлопчык па-беларуску.

— Ведаю. Харошая кніга.

— Ага. Толькі канца няма. Канец тут выдраны, — сказаў і, мабыць, засаромеўся хлопчык.

— Канец, проша пані, выдраны, так ён яе чатыры разы прачытаў. Ужо амаль на памяць ведае, — загаварыла ад печы гаспадыня, і ў тоне яе Зоська пачула ледзьве прытоены гонар за поспехі сына. Што ж, увогуле гэта ёй спадабалася.

— Дык калі б канец быў, — сумна сказаў хлопчык, забаўляючыся з кніжкай. Зоська паправіла анучу і з натугай ледзьве надзела змакрэлы бот.

— Дык ты і не ведаеш, чым скончылася? Я зараз табе раскажу. Цябе як завуць?

— Вацык.

— Ану дай кніжку, Вацык.

Яна прысунулася бліжэй да капцілкі, узяла з рук хлопчыка кніжку. Гаспадыня адышлася ад печы і з яўнай цікаўнасцю назірала за гасцямі і сынам. Зазірнуў у кніжку і Антон. За іхнімі плячамі ў паўзмроку сцішыўся зарослы шчэццю гаспадароў твар.

— Так. На чым тут адарвана? Ага, выбух на востраве. Ну, а далей людзі кінуліся ў мора. Карабель жа дабудаваць яны не паспелі і ратаваліся на рыфах. Здаецца, усе павінны былі загінуць. Але ў самы апошні момант на гарызонце паявіўся карабель капітана Гранта. Грант плыў па Айртона…

— А, каб зняць яго з вострава? — здагадаўся Вацык.

— Во-во. Бо тэрмін ссылкі мяцежніка скончыўся, і капітан Грант плыў яго зняць. I ён выратаваў усіх.

З рэдкай для падлетка ўвагай у вялікіх вачах Вацык сачыў за кожным рухам на яе твары, лавіў кожнае яе слова, і гэты ягоны позірк і яго ўвага жыва напомнілі Зосьцы даваенных хлапчукоў у Скідзелі, якім яна часам таксама чытала кніжкі. Усяго паўтара года мінула з той мірнай і поўнай надзей пары, а як усё крута змянілася ў свеце. I, напэўна, змянілася яна сама. Куды толькі падзеўся яе малады запал, бесклапотная лёгкасць у жыцці. Усё прыдушыла, аплявала, растаптала вайна.

— Любіш кніжкі чытаць? — запыталася Зоська. Вацык працягла, па-даросламу ўздыхнуў і закрыў кніжку.

— Люблю, але дзе ж іх узяць? У Стасіка Кемпеля было тры, дык я іх прачытаў ужо.

— Проша пані прабачыць, — мякка ўмяшалася ў размову гаспадыня. — Вацык быў выдатнік у школе, грамату мае. Стэфан! — некалькі іншым, амаль начальніцкім тонам звярнулася яна да мужа. — Покаж пані грамату.

— Так, кохана…

Гаспадар паслухмяна кінуўся ў другую палову хаты, а гаспадыня з ранейшай мяккасцю ў голасе запыталася:

— Далёка пані ідзе?

— Не, недалёка, — адказала Зоська. — Тут блізка. Ды нагу намуляла.