Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 60

Васіль Быкаў

Зоська, аднак, хутка перастала плакаць, пальцамі выцерла слёзы, паправіла хустку на галаве. Антон неўпрыцям пазіраў на яе, і некалькі разоў у ягонай душы варухнулася недарэка-спагада — нашто так упарціцца? Ужо ён старэйшы за яе і лепш разумеў у жыцці, магчыма, ён бы ўратаваў яе ад пагібелі і яшчэ б уладкаваў яе лёс. Толькі б яна даверылася яму. Дык не. Давяла ўсё да сваркі, якую невядома як уладзіць цяпер пры чужых людзях.

— Зося, — сказаў ён і ўстаў з лаўкі. — Ну не хочаш ісці ў мястэчка, дык давядзі мяне хоць да ваколіцы. Пасля пойдзеш, куды захочаш.

У тым была ягоная хітрасць — на ўскраіне мястэчка ўжо ён бы з ёй справіўся. Зоська на хвіліну прыціхла, быццам абдумваючы яго прапанову, і адказала:

— Не!

— Я не ведаю, з якога там боку і падысці, — хітраваў ён.

— Дарога прывядзе.

— Дарога прывядзе. Але… Няёмка па дарозе.

— У людзей запытаешся.

Аднак, чорт пабяры, пакуль нічога не атрымлівалася. Няўжо і сапраўды нічога не выйдзе і яму давядзецца аднаму ісці ў Скідзель? I аднаму прыйсці да Капыцкага? Але як бы яго, аднаго, не палічылі за партызанскага шпіёна, які мае заданне ўладкавацца ў мястэчку, Капыцкі ж таксама можа ў ім усумніцца, не глядзі, што зямляк. Усё ж свая кашуля кожнаму бліжэй да цела, а ў такі час нядоўга расстацца і з кашуляй, і з уласным целам таксама.

Не, яму абавязкова патрэбна была яна — як жонка, гаспадыня і, што важней за ўсё, — як заложніца. Заложніца — якая ні ёсць гарантыя для немцаў і для таго ж Капыцкага, асабліва калі мець на ўвазе яшчэ і яе маці. Антон ужо ведаў, што да чалавека з заложнікамі — сям’ёй, дзяцьмі, маці — немцы ставіліся куды з болыпым даверам, чым да адзіночкі, у якога ні кала ні двара, а толькі адны, хай сабе самыя лепшыя, намеры. Як усе дзелавыя людзі, немцы любілі гарантыі.

Але вось вазьмі яе, гэтую гарантыю, што скамянела ў сваёй дзікай упартасці за сталом на лаве.

Аднак ішоў час, напэўна, ужо была блізка поўнач, Антон недаравальна траціў адну за адной усе і без таго нешматлікія свае магчымасці і пачынаў нервавацца. Так, халера на яго, нядоўга і зусім застацца ні з чым. Асабліва калі зважаць на гэтую ўпартасць ды азірацца на гаспадароў. Але ўжо з гаспадарамі ён цырымоніцца не меў намеру.

— Эй, ты! — рэзка павярнуўся Антон да Стэфана. — Давай вяроўку!

— Што пан хцэ? — здзівілася гаспадыня, ступаючы наперад і як бы засланяючы сабой гаспадара.

— Давай вяроўку! Жыва!

Гаспадыня збялела, уставілася ў яго поўны змрочнай рашучасці твар, а гаспадар стаяў ззаду, мабыць, не маючы адвагі выканаць ягоны загад без дадатковай каманды жонкі.

— Я што вам сказаў! — са стрыманай пагрозай вымавіў Антон і выцягнуў з-за пазухі наган.

Ціхенька войкнуўшы, гаспадыня ступіла назад, а гаспадар, паварушыўшы нешта ў цёмным ля дзвярэй кутку, выцягнуў недаўгую зблытаную вяроўку.

Антон загадаў:

— Разбяры! Разбяры, распутай! Што, не разумееш?

Дрыготкімі, няспрытнымі рукамі гаспадар неяк разблытаў вяроўку. Антон сунуў наган за пазуху.