Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 59

Васіль Быкаў

— Хе! — сказаў Антон. — Навіна! Як гэта — застануся?

— Проста. Застануся на хутары.

Яна ўжо справілася з першым самым трудным для яе хваляваннем і стала нязломнай. Галоўнае было зроблена — яны размяжоўваліся. Дапушчаную ёю легкадумнасць трэба было выпраўляць, і тым лепш, чым хутчэй.

— Пагадзі, — спакойна сказаў Антон пасля нядоўгай напружанай паўзы. — Ты гэта — сур’ёзна?

— Сур’ёзна.

— Не панімаю.

— Што панімаць? Я з табой не пайду.

— Гэта чаму?

— Ты знаеш чаму.

Хаця і было цёпла, але яна трэслася ў нервовым напружанні. У адказ на ягоны спакой ёй хацелася закрычаць, заплакаць, але яна стрымлівала сябе, усё ж тут былі людзі, якія няблага аднесліся да яе і не ведалі нічога з таго, што адбылося між імі. Антон у роздуме нядоўга пастаяў ля стала, пасля адступіў назад і прысеў на лаўку.

— Не, так дзела не пойдзе! — са спакойнай цвёрдасцю аб’явіў ён. — Так нічога не выйдзе.

Гаспадыня жэстам адправіла Вацыка на другую палову хаты, Стэфан падышоў да жонкі, і абодва яны са здзіўленнем пазіралі на Зоську, мала што разумеючы. Стала ціха. Дровы разгарэліся ў печы, і па столі і бярвенні сцяны бегалі барвовыя водсветы. Зоська зразумела, што не мінуць чагосьці агіднага, але яна цвёрда рашыла стаяць на сваім.

12

Сеўшы на лаўку, Антон адчуў, як цягуча загуло ў галаве, — такое было з ім не часта. Праўда, пакуль што ён не лічыў становішча безнадзейным, але з асаблівай выразнасцю адчуў, што гэта ўпартая недарэка яшчэ наробіць яму клопату. Тым болып зацягнуўшы яго на гэты ідыёцкі хутар, да гэтых невядома ў чыю карысць настроеных гаспадароў. Зрэшты, гаспадароў ён мала баяўся, ён быў упэўнены, што з імі ўправіцца, хоць бы з дапамогай зброі. Было б, аднак, лепш, калі б яны паводзілі сябе ціха і не лезлі ў ягоную драму.

А без драмы, бадай, не абысціся, думаў Антон. Як ён таго не хацеў, а здаецца, прыйдзецца прымяніць сілу, іншага выйсця ў яго не заставалася. Кінуць яе тут адну ён не мог: што яму было рабіць без яе ў Скідзелі? Пра вяртанне яго ў атрад не было чаго і думаць — лес ён пакінуў ужо назаўжды. Але ён блізка быў да таго, каб апынуцца ні з чым — выйсці з лесу і не дайсці да мястэчка, што было раўназначна пагібелі.

Гаспадары пра штосьці ціха шапталіся ля печы, крадком кідаючы асуджальныя позіркі то на яго, то на Зоську, якая нібы скамянела ў канцы стала. Пакуль што яны не ўлазілі ў чужы і, мабыць, не дужа зразумелы для іх канфлікт, і Антон падумаў, што, магчыпа, пашэнціць настроіць іх у сваю карысць, супраць гэтых выбрыкаў Зоські.

— Во, — кіўнуў ён на яе. — Уперлася жонка. Спадабалася ей у вас, не хоча ісці.

— Я табе не жонка! — тут жа рэзка адказала з-за стала Зоська.

— Як гэта — не жонка? — са шчырым здзіўленнем сказаў Антон. — Во дае баба! Ад мужа адмаўляецца.

— Лжэш! Ты ніякі мне не муж! — з надрывам выкрыкнула Зоська і заплакала.

Антон трохі сумеўся. Ён заўжды трохі бянтэжыўся ад слёз жанчыны і не ведаў, што рабіць далей. Але ўсё ж ён рашыў трымацца таго варыянта, што Зоська — ягоная жонка, якая распачала дробязную сварку з мужам.

— Ну што возьмеш з бабы! — развёў ён рукамі, звяртаючыся да гаспадара, які заклапочана тэпаў ля печы і ніяк не азваўся на ягоныя словы.