Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 57

Васіль Быкаў

— Ой, ой, так нядобжэ ў дарозе. Тшэба ехаць пані.

— Навошта? Мы пехатой…

— Пэўна, пані з панам есць хцо? — запыталася гаспадыня, і Зоська сумелася.

— Дзякуем. Але мы, ведаеце…

— А што? Мы не супраць, — падхапіў Антон. — Грэх ад яды адмаўляцца.

З другой паловы хаты выйшаў гаспадар з загорнутай у старую газеціну школьнай граматай сына, але не паспеў ён раскруціць газету, як гаспадыня распарадзілася:

— Стэфан, несь млеко, сало…

— Так, кохана, — звыкла адказаў Стэфан, амаль подбегам кіруючы з трысцена.

Зоська не вельмі ўважліва прабегла вачмі некалькі радкоў граматы выдатніка пятага класа і перадала грамату Антону. Здаецца, яны зрабілі правільна, калі завіталі на гэты хутар. Мяркуючы па першым уражанні, гаспадары былі добрыя людзі, а галоўнае ні пра што не пыталіся і, пэўна, мала цікавіліся тым, хто іх начныя госці. Толькі гаспадыня запыталася, куды ідуць, але гэта надта звычайнае ў такіх выпадках пытанне, за якім, мабыць, не было нічога, апроч простай цікаўнасці.

Гаспадыня тым часам пачала таропка накрываць на стол, разаслала кароценькі льняны настольнічак, дастала з пасудніка некалькі чыстых гліняных місак, драўляныя лыжкі. Пасля прынесла бохан жытняга хлеба і пачала кроіць яго, прыставіўшы да грудзей, гэтаксама, як некалі рабіла Зосьчына маці. Хусцінку яна ссунула з галавы на плечы, і яе белы, маладжавы твар з тонкімі зморшчынкамі каля вуснаў засвяціўся мілай спакойнай дабрынёй. Такія жаночыя твары здаўна падабаліся Зосьцы, хаця і сустракаліся яны ў гэтую пару не часта.

— Проша сядаць пані. I пана, — прыветліва запрасіла гаспадыня і Антона.

Зоська пасунулася далей за стол, з-за якога адразу, як толькі пачалі на яго накрываць, сціпла выбраўся Вацык, побач усеўся Антон. Цяжка дыхаючы, у хату ўваліўся гаспадар са стаўбуном малака і вялікім кавалкам сала ў заскарузлых руках. Гаспадыня, як здалося Зосьцы, з сарамлівай паспешлівасцю выхапіла ў яго гэты кус і на стале прыгожа адкроіла ад яго некалькі тонкіх лустаў.

— Проша спробоваць, проша. Мы людзе не ест багатыя, но госцям радыя.

Зоська сама сабе ўсміхнулася ад наіўна-прастадушнай прэтэнзіі гаспадыні на шляхецка-польскае абыходжанне. Польская мова, густа аздобленая мясцовымі беларускімі словамі, выдавала ў ёй тутэйшую ўраджэнку, якая хіба па паходжанню была каталічка. Па тым, як пакорліва і маўкліва стаяў воддаль гаспадар хаты, быццам чакаючы новых распараджэнняў гаспадыні, Зоська сцяміла, хто тут галоўны. Зрэшты, старшынство гаспадыні не выглядала празмерным або зняважлівым, яна выконвала яго з добрым у такіх выпадках тактам. Ды і гаспадар даўно, мабыць, прывык да ролі падначаленага, і не відаць было, каб дужа перажываў ад таго.

Яны з’елі па місцы грэцкай з малаком кашы, выпілі заваранага сушанай малінай чаю. Вацык далікатна стаяў зводдаль, і Зоська запрасіла яго за стол, дзе ён разам з гасцямі таксама выпіў кубак чаю. Усё тут было проста і лёгка, у гэтай акуратнай гасціннай хаце, дзе іх частавалі быццам даўніх добрых знаёмых. Зоська старалася не размаўляць з Антонам, які таксама маўчаў і, хоць меў заклапочаны выгляд, аднак са смакам еў усё, што было на стале. Зоська напружана думала, што рабіць, калі яны павячэраюць. Тут, пры сведках, яна не магла болей нешта тлумачыць, спрачацца, хаця ўсе спрэчкі, здаецца, былі ўжо скончаны. Важна было зразумець таксама, за каго іх прымае гаспадыня — за партызан ці, можа, за якіх паліцэйскіх агентаў. А можа, ні за тых, ні за іншых, а проста за двух людзей, якія задарожыліся па начы і зайшлі адпачыць. Так было б лепш за ўсё. А калі не так? Усё ж хутар стаіць пры лесе і паблізу ад мястэчка, напэўна, яны тут — не першыя госці.