Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 55

Васіль Быкаў

Трэба было затрымацца самой і затрымаць на хутары Антона, але як зрабіць гэта, Зоська яшчэ не ведала. У той жа час яна адчувала, што сама надта спазнялася, што так могуць мінуць усе тэрміны яе задання. Хаця цяпер ёй было не да тэрмінаў. Пад пагрозай апынуліся яе галава і яе заданні наогул.

Агеньчык, што бліскаў воддаль, недзе прапаў, яны нейкі час нічога не бачылі ля сябе, апроч цьмянага снежнага поля, дужа шумеў на ветры хвойны ўзлесак побач. Гэты ўзлесак цягнуўся і цягнуўся кудысь у снегавыя прыцемкі, і Зоська, ужо не адстаючы, таропка ішла за Антонам, пакуль за чарговым паваротам наперадзе зноў не з’явіўся чырвоны агеньчык у акенцы. Блізка пад самым лесам тоўпілася некалькі хутарскіх будынін, чарнеўся на снезе пункцір плота і на суччы дрэў у чорным небе цьмяна шарэлі камякі снегу. Антон раптам спыніўся, Зоська таксама замарудзіла крок — з хутара даляцеў скрып асвера і невыразны пляскат вады, якую пералівалі з аднаго вядра ў другое.

Нічога не сказаўшы, Антон скіраваў уздоўж плота да хутара, і Зоська, трохі адстаўшы, пайшла следам. Мабыць, яны зайшлі з тылавога боку сядзібы, ад лесу, — хату і акенца з агеньчыкам неўзабаве затулілі снежныя стрэхі нейкіх паветак, з’явілася лазня наводшыбе. Пад нізкай сцяной хаты ляжала засланая снегам куча бярвення, мабыць, нарыхтаванага на дровы ці на якую іншую патрэбу. Антон абышоў гэтае бярвенне і амаль сутыкнуўся з чалавекам у кажусе, які нёс у абедзвюх руках два драўляныя вядры з вадой.

— О, поўныя, удача будзе! — замест прывітання жартоўна сказаў Антон. Чалавек спыніўся, асцярожна паставіў вёдры на снег, моўчкі разглядаючы ў прыцемках начнога госця. — У хаце чужых няма? — ціха запытаў Антон.

— Нёма, — глуха азваўся чалавек.

— Хазяін? — кіўнуў Антон.

— Так, так.

— Ну запрашай у хату. Пагрэцца нада.

— Проша, проша пана, — не надта, аднак, узрадавана прамовіў гаспадар. Пакінуўшы на снезе вёдры, ён ступіў на дашчаны, ачышчаны ад снегу ганак, расчыніў нізкія дзверы. — Проша пана.

Пераступіўшы следам за Антонам парог, Зоська апынулася ў прасторным трысцене, гаспадар зачыніў за ёй дзверы, і яна агледзелася. Насупраць ад увахода дымна палілася ў печы з вялікімі чорнымі чыгунамі ля агню — напэўна, на корм жывёле, падумала Зоська. Тут жа з вілачнікам у руках стаяла белатварая, не старая яшчэ кабеціна, спакойна і моўчкі яна аглядзела Антона, пасля перавяла позірк на Зоську. З-за стала здзіўлена пазіраў на іх хлопчык-падлетак, які сядзеў над раскладзенай кніжкай, побач мільгаў агеньчык капцілкі, той самы, напэўна, які прывёў іх сюды.

У хаце было амаль цёмна, сцюдзёна дзьмула з дзвярэй, дровы ў печы, напэўна, толькі яшчэ разгараліся.

— Мы трошкі адпачыць, — сказаў Антон, стоячы перад жанчынай.

— Проша, проша, — ціха сказала гаспадыня і паставіла ў кут вілачнік.

Зоська спрабавала даўмецца, куды яны трапілі, што за людзі на гэтым хутары, але адразу што-небудзь зразумець было цяжка. Здаецца, гаспадар з гаспадыняй размаўлялі па-польску, значыцца, належалі да мясцовай шляхты, якая, як памятала Зоська, мела свае асаблівыя адносіны да ўсяго на свеце. Белавалосы хлопчык выскачыў з-за стала і паслужліва падсунуў гасцям кароткую лаўку, якая стаяла каля сцяны.