Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 54

Васіль Быкаў

Але ён не пайшоў адзін. Крочачы наперадзе, ён усё ж выбраў час азірнуцца і, напэўна, заўважыўшы, як далёка яна адстала, прыпыніўся на ўзлеску. Наперадзе быў малады хвойнік, справа ляжала голае раўніннае поле. Зоська не памятала гэтых мясцін, але адчувала, што Скідзель дзесь побач. Ісці заставалася гадзіну ці дзве, і за гэты час ёй трэба было нешта рашыць. Яна ўжо ведала, што ісці з ім у Скідзель проста не мела права.

— Ну, што ты адстаеш? — запытаў ён з папрокам, калі яна падышла бліжэй. — Хіба прыстала?

— Нагу нацёрла, — буркнула Зоська. Сапраўды ў левым боце тоўстым вузлом збілася ануча, якая балюча церла ступню.

— Дык пераабуйся.

Не ведаючы яшчэ, што рабіць, Зоська хуценька агледзелася вакол — далёка наперадзе каля ўзлеску, здалося, бліснуў і прапаў агеньчык.

— Там што — вёска?

— Там? — Антон паўзіраўся ў вечаровыя, амаль начныя ўжо прыцемкі. — Вёскі тут не павінна быць. Можа, хутар.

— Зойдзем на хутар, — сказала яна.

— Нашто? Да Скідзеля вунь пяць кіламетраў.

— Ну зойдзем. Мне трэба.

— Во яшчэ! Нашто табе хутар? Прыйдзем на месца, там можна пасушыцца і ваабшчэ…

Але яна хутка пайшла наперад па ўзлеску на далёкі чырванаваты агеньчык пад лесам. Яна і сама не ведала, нашто ёй быў гэты адзінокі хутар, але адчувала, што цяпер нельга ісці ў Скідзель і неяк трэба змарнаваць час. Не ведаючы пра яе намер, Антон незадаволена патупаў следам.

Яны доўга ішлі па раскіслым снезе ўздоўж лесу, кіруючы на мільготкі агеньчык у нечым акне. Зоська ўжо не старалася размаўляць з Антонам, яна ціхенька плакала, неўпрыцям выціраючы пальцамі вочы. Гэта ж трэба так усё спляжыць у іхняй і без таго нялёгкай дарозе, думала яна пра Антона, адчуваючы сябе глыбока абражанай і няшчаснай. Аказваецца, яна патрэбна была яму для шкурнага яго намеру, а зусім не таму, што ён пакахаў яе. Хаця… Усё ж ён ад яе не адмовіўся — наадварот, ён гатовы быў звязаць свой лёс з яе лёсам. Ды і яна таксама была б не супраць, яна была б рада, калі б толькі ён заставаўся ранейшым партызанскім хлопцам Галубіным. Але ж ён надумаў перамяніцца, стаць нечым іншым — як на гэта магла пагадзіцца Зоська?

I, апроч усяго іншага, ён надумаў яўную дурнату з гэтым Скідзелем. Дзіва, як ён не можа зразумець, што немцы ніколі не даруюць яму яго партызанства і рана ці позна павесяць з біркай на шыі. Дарма ён спадзяецца на нейкага свайго земляка. У такой справе ніякі зямляк не заступнік.