Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 49

Васіль Быкаў

Сапраўды, адзін з іх быў Суравец. Антон адразу пазнаў яго па венгерскім, пясочнага колеру, кіцелі з мноствам гузікаў на грудзях — болей такога шыкоўнага кіцеля не было ні ў каго ў атрадзе. Іншых прыкмет удалога падрыўніка засталося не шмат, хіба што яго неслухмяныя, заўжды рассыпаныя напалам валасы, якія цяпер змерзліся ад крыві і снегу. Суравец ляжаў на спіне, раскінуўшы босыя, у брудных падцёках ногі, ботаў на ім не было, а з правага боку чарнела рваная дзірка ў кіцелі. Мабыць, яшчэ ў жывога з яе наплыло шмат крыві, якая цёмнаю лужынай змерзлася на бруднай, у гнаі, земляной падлозе. Побач, прыткнуўшыся плячом да сцяны, сагнуўшыся і нізка звесіўшы бялявую галаву, сядзеў малады хлопец у заношанай блакітнай майцы. Усё верхняе з яго было знята, а ў майцы на спіне чарнелі тры крывяныя дзіркі ад куль, што выйшлі дзесь спераду, — усё ў яго там, на грудзях, жываце і каленях, было заліта ссохлай ці змерзлай крывёю. Гэтага другога Антон ведаў мала, нават не памятаў прозвішча, бо той паявіўся ў атрадзе нядаўна, казалі — нейкі камсамолец з тутэйшых.

— Вось бачыш? Антон! — Ухапіла яго за руку Зоська. — Гэта ж іх тут забілі?

— Ну, панятна, забілі. Не самі ж яны, — сказаў Антон і крануў за плячо забітага. Труп мякка паваліўся набок — прыціснутыя да жывата рукі і падкурчаныя ногі так і засталіся сагнутыя.

— У спіну. Бачыш, з аўтамата ззаду. Паліцэйская работа, адразу відаць, — сказаў Антон і паглядзеў на Зоську, якая ўся змянілася з твару, стала не пазнаць дзеўкі, так яна перажывала аб забітых. Антон перажываў таксама, але не сказаць каб дужа. Ён ужо адвык дужа перажываць за другіх, прыйшоў час паклапаціцца аб сабе. Каб таксама не давялося камусьці перажываць за яго самога.

— Антоша, як жа гэта? Яны ж ішлі ў Ліду, як жа яны тут апынуліся? I дзе астатнія? Ніхто ж з шасцярых не вярнуўся.

— Пайсці і не вярнуцца — справа няхітрая, як двойчы два, — сказаў Антон. — Цяпер тут усё — цёмны лес.

— Слухай, а чаму паліцаі іх не забралі? Чаму тут пакінулі? — не сціхала Зоська, здаецца, гатовая вось-вось заплакаць. Абедзвюма рукамі яна страхавіта ўчапілася ў Антонаў кажушок.

— А я адкуль ведаю? Можа, для прынады. Во мы прыйшлі, а яны і прыскачуць. Хто іх, сволачаў, ведае.

оська, пабялеўшы, ва ўсе свае вялікія вочы глядзела на Антона.

— Што ж нам рабіць, Антон? — роспачна пыталася яна.

— Чорт яго ведае, што рабіць. Айда пакуль што адгэтуль.

Яны пералезлі цераз абрушаную груду камення і вярнуліся ў ранейшы канец аборы. Зоська ўсё азіралася, востра перажываючы пагібель знаёмых людзей. У Антона ж было такое адчуванне, быццам ён трапіў у пастку і чамусь не спяшаецца з яе выбрацца. Ён ужо ведаў з практыкі, што прамаруджанне рэдка прыносіць удачу і лёгка можа загубіць кожнага (ці не яно загубіла ў гэтай аборы і Сураўца). Зусім можа быць, што паліцаі пры выпадку або рэгулярна наведваюць гэта адзінокае ў полі прыстанішча і каго-небудзь застаюць тут. Не, трэба хутчэй змывацца, думаў Антон. Але як змыешся, калі ў гэтым полі ты відзён за пяць кіламетраў, і ў кожную хвіліну цябе могуць дагнаць паліцаі.