Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 50

Васіль Быкаў

— Прыйдзецца пакуль патырчэць тут, — спыніўшыся, сказаў ён і паглядзеў у шырокія, з сарванымі завесамі вароты. — Толькі назіраць трэба, а то…

Зоська зразумела і таксама спынілася, зірнуўшы ў ветраную прастору поля. Поле перад аборай ляжала пустое, з ледзьве прыкметным адсюль следам саней на дарозе; у вароты дзьмуў сыры пранізлівы вецер; рыхлы снег, што наваліў уначы, усюды асеў і падтайваў; хмызняк каля аборы рэзка зачарнеўся на яго белізне; з тоўстага галля вяза ўсё падалі долу мокрыя камякі снегу. Там недзе на нябачнай з аборы вяршаліне гучна крычалі вароны.

— Ціш, зараза! — сказаў Антон і падумаў, што вароны цяпер могуць іх выдаць. Падняўшы з-пад сцяны абломак латы, ён ступіў на крок за вароты і замахнуўся на цэлую вароннюю зграю, што абляпіла вяз. Вароны адна за адной пасаскоквалі з голля і паляцелі кудысь за Котру.

— Зося, — сказаў Антон, вярнуўшыся ў абору. Зоська, усё яшчэ з пабялелым тварам, уважліва паглядзела на яго, і ў гэтым яе паглядзе была бездань самоты. — Зося! Ты разумееш наша становішча? — сказаў ён, таксама ўзіраючыся ў яе блакітныя, васільковыя вочы.

— Ну, разумею, — ціха адказала яна.

— Не, ты не разумееш, — сказаў ён. — Калі сапраўды Сталінград узяты, дык… Вайне будзе канец. Ці яны замірацца, ці… Расіі ж нічога не застаецца. Сібір? Але што ў той Сібіры? Немцы ж зайшлі вунь куды, за Маскву. Ты панімаеш?

— Я панімаю, — па-ранейшаму ціха сказала Зоська.

— Да чаго ж мы даседзімся ў сваёй Ліпічанцы? Яны ж нас з сабакамі пераловяць. Калі мы раней з голаду не дойдзем.

Зоська трошкі адвярнулася ад яго і самотна пазірала з варот у хмарную далячынь шырокага поля з шызаю паскай лесу на гарызонце.

— Можа, і так, — нявесела сказала яна.

— Дык вось, малышка! У цябе ў Скідзелі маці, у мяне там, я казаў табе, начальнік паліцыі Капыцкі, мой землячок з Барысаўшчыны. ён павінен нам памагчы. Давай застанемся ў цябе. Будзем жыць, як людзі, як муж і жонка. Я ж пакахаў цябе, Зоська.

Здаецца, ён сказаў усё, асцярожна абняў яе за плечы і прыгарнуў да сябе, не адчуўшы, аднак, яе сустрэчнага руху. Зоська, быццам ёй стала кепска, ні жэстам, ні рухам не выказала ні сваёй радасці, ні нязгоды. Яна быццам здранцвела ў ягоных руках, і ён ціха ўсклікнуў, з усёй лагодай, на якую быў здатны:

— Зоська!

— Ну, — з уздыхам сказала яна. — Ты гэта пажартаваў? Пажартаваў жа, праўда? — I адхінулася, далікатна, але настойліва вызваляючыся з ягоных рук.

— Ніколькі. Я абсалютна сур’ёзна.

Яна зрабіла тры вялых крокі і стала ля шула, усё назіраючы ў поле. Антон зноў парывіста абняў яе ззаду і лёгенька пацалаваў у шчаку.

— Не трэба, Антон.

— Ну як жа! Я ж кахаю цябе.

— За гэта дзякуй. Але… Тое, што ты прапануеш, у другі раз было б маім шчасцем. Але цяпер…

— Ну, а што цяпер?

— А цяпер гэта подласць. Калі не болей.

— Дзівачка! — сказаў ён, адчуўшы, што ўжо нервуецца. — Во ты наслухалася прапаганды… А ты не падумала, апроч таго, пра сваю маці? Што з ёй будзе?

— Не знаю, што будзе, Антон, — нейкім чужым, дрыготкім голасам сказала Зоська. — Але ў такі час уцякаць з атрада… Знаеш, так нават жартаваць нельга. Гэта занадта страшна.