Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 47

Васіль Быкаў

Небяспека быццам мінулася, паліцаі паехалі, але Антон усё стаяў ля варот, збянтэжаны тым, што пачуў. У якім сэнсе яны гаварылі пра Сталінград? Што значыць «далі»? Здалі ці, можа быць, узялі? А што можа азначаць «…ступленне»? Наступленне або адступленне? Не, мабыць, хутчэй за ўсё сэнс быў у тым, што немцы пачалі новае наступленне на Сталінград, дзе ўсю восень ішлі крывавыя баі, і, мабыць, узялі нарэшце гэты далёкі горад. Мяркуючы па ўсім, здарылася менавіта гэтак, рашыў Антон, што і выклікала жывую цікавасць паліцаяў.

Але што ж тады атрымліваецца?

Растрывожаны і амаль збянтэжаны, ён увайшоў у каморку, усё ламаючы галаву над гэтай паліцэйскай шарадай. Зоська пачала нешта распытваць, але ён не слухаў яе, ён думаў, што б тое магло азначаць для яго асабіста. Вядома, колькі-небудзь пераканаўчых фактаў у яго не было, былі толькі здагадкі. Але ён і не меў пільнай патрэбы ў фактах, ён ужо быў гатовы да адзіна магчымага вываду: трэба спяшацца. Трэба, пакуль не позна, канчаць з партызанствам, паклапаціцца пра ўласны лёс і сваю галаву, пакуль яна яшчэ на плячах, укараніцца ў новае, нямецкага ладу, жыццё, калі нічога не выйшла з савецкім.

— Зося, ты разумееш? — сказаў ён, не паднімаючы да яе галавы. — Немцы Сталінград узялі.

Ён думаў, што Зоська пачне бедаваць, можа, нават заплача, ён бы тады суцешыў яе. Але, на яго здзіўленне, яна толькі цепнула вачмі і з наіўным выглядам запыталася:

— Гэта калі?

— Не ведаю, — ціскануў ён плячыма. — Чуў, паліцаі там размаўлялі.

— Хлусня, мабыць, — падумаўшы, сказала Зоська. — Хаця, можа, і праўда. Столькі нахапалі, што ім. Сіла!

— Сіла, ага, — пагадзіўся Антон, не зусім уяўляючы, як яму размаўляць далей. Ён не чакаў ад Зоські такой лёгкасці ў адносінах да галоўнае сутнасці яго пытання і пакутна шукаў У галаве магчымыя подступы да галоўнага. Зоська ж, знешне быццам абыякавая да яго навіны, далікатным дотыкам сцюдзёных пальцаў захінула на ім кажушок.

— Зашпіліся, бо холадна. Паліцаяў многа паехала?

— Чалавек шэсць, мабыць.

— Паехалі міма?

— Ну. Тут побач дарога.

— Гэта горш. I печку затапіць нельга?

— Печку нельга, — сказаў ён і дадаў не надта рашуча: — Можа, выйдзем і пойдзем у Скідзель?

— Удзень? Ну што ты!..

Не, здаецца, яна заставалася пры ранейшым рашэнні, падумаў Антон, і мае намер выконваць сваё заданне. А тое, што неўзабаве скончыцца вайна і немцы ўсёй сваёй сілай наваляцца на іх пушчу і, як зайцаў, перастраляюць усіх партызан, гэтага яна не дапушчае і ў думках.

— Слухай, а ты ведаеш, дзе знаходзіцца Сталінград? — запытаўся Антон.

— Далёка, — сказала Зоська.

— Вот гэта адказ! — кісла ўсміхнуўся Антон. — У школе за такі адказ што ставілі?

— Двойку, — усміхнулася Зоська.

Антон падняўся на ногі, надзеў у рукавы кажушок. Зоська, стоячы насупраць, абедзвюма рукамі ўзяла яго за рукавы вышэй локцяў.

— Мы ж не ў школе, Антоша. Мы свой экзамен здалі, — сказала яна з уздыхам.