Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 48

Васіль Быкаў

— Як бы не так, — сказаў ён і нецярпліва вызваліў рукі. — Як бы галоўны экзамен не быў наперадзе.

— Усё можа быць, — ахвотна пагадзілася Зоська. — Так трудна дабрацца да гэтага Скідзеля, а што будзе там — аднаму Богу вядома.

— Вось іменна, — пацвердзіў ён і спахапіўся, адчуўшы, што кожны з іх мае на ўвазе сваё. — Таму слухай. Давай, пакуль ёсць час, абмазгуем усё. Каб не застацца ў дурнях.

— Давай, — сказала яна. — Толькі… Ты пабудзь, а я на хвілінку…

Гарэзліва ўсміхнуўшыся яму, яна выскачыла з каморкі, туга прычыніла за сабой дзверы. Ён стаяў і задуменна пазіраў у парог. Думкі ягоныя цяпер кружыліся каля Зоські, ад разумных паводзін якой надта шмат залежала ў ягоным рашэнні. Вядома, ён разумеў, што схематызму партызанскага мышлення ў ёй будзе даволі, мабыць, не так проста пераканаць яе ў адзіна правільным выйсці і падвесці да непазбежнага. Галоўнае, каб яна зразумела ўсю безнадзейнасць іх партызанскіх пакутаў, нікчэмнасць іх партызанскіх сіл перад сілай фашысцкага гіганта, з якім не можа саўладаць уся Чырвоная Армія. Да таго ж Зоська не мае права забыць, што ў Скідзелі ў яе маці, і павінна разумець, якой небяспецы падвяргае яе як партызанка. Калі дагэтуль усё неяк абыходзілася, дык гэта не значыць, што немцам або паліцыі ўрэшце не стане вядома, дзе знаходзіцца дачка адной жанчыны са Скідзеля. Антон адчуваў, што ў тым быў ягоны галоўны козыр, і ён выкіне яго пад канец, калі, можа, не падзейнічаюць усе іншыя козыры. Праўда, у яго някепскай задуме было адно слабаватае месца, тое, што датычыла сябра Капыцкага. Як той паставіцца да Галубіна і ягонай сяброўкі, калі яны з’явяцца на жыхарства ў Скідзель, заставалася невядома. I нават калі сам Капыцкі паставіцца да іх добразычліва, дык як на гэта паглядзяць яго начальнікі — немцы?

Антон задуменна таптаўся па зляжалай саломе. У вочы яму трапіўся стары растаптаны акурак, Антон нагнуўся, падабраў яго і панюхаў. Гэта быў недакурак нямецкай цыгарэты — тонкі, з жаўтлявай паперы, хаця, вядома, курыць яго мог тут хто хочаш — ад немцаў да партызанаў, напэўна, людзей тут перабыло нямала, і ўсе пакідалі сляды. Беглым позіркам Антон акінуў гранітныя бакі камянёў у сцяне і ў кутку пад акенцам згледзеў брудны шкумат бінта. Пацягнуў за яго — з-пад саломы выцягнуўся цэлы жмут старых, замусоленых, з засохлай крывёй бінтоў, якія ён гідліва адкінуў прэч і наском бота запіхнуў глыбей у салому. Толькі ён зрабіў гэта, як у каморку ўскочыла Зоська з ненатуральна збялелым тварам, і Антон, сцяміўшы кепскае, запытальна ўставіўся ў яе.

— Антон, там…

— Што такое?

— Там забітыя!

Забітыя — не жывыя, забітых можна ўжо не баяцца, падумаў Антон, выцягваючы руку з кішэні, ад нагана. Зоська выскачыла з каморкі, і ён, не спяшаючыся, пайшоў за ёй цераз языкі намеценага з варот снегу ў дальні, з абрушаным дахам, канец аборы.

— Во глянь! Я падыходжу, думала, камяні, а гэта забітыя. Глянь — божа! Ды гэта ж наш Суравец! — калоцячыся ад хвалявання, загаманіла Зоська.

Антон падышоў да сцяны, дзе ў прыцемку напаўабваленага падстолля за грудай камення ляжалі забітыя.