Читать «Пайсці і не вярнуцца» онлайн - страница 51

Васіль Быкаў

— А я табе кажу: самы час. У атрадзе заставацца больш нельга.

— Час сапраўды цяжкі. I таму ўцякаць — гэта здрада. Гэта ты сказаў, не падумаўшы.

— Не, я ўсё добра абдумаў. Я хачу ўберагчы цябе і тваю маці, і сябе, канешне. Інакш, сама разумееш, мы ўсе прападзем. Як тыя вунь, — кінуў ён у дальні канец аборы.

— Што ж, можа быць, — пагадзілася Зоська, у другі раз ставячы яго ў тупік. Ён болей за ўсё баяўся, што яна не зразумее ягоных довадаў, а яна, аказваецца, довады хапала адразу, але ніяк не магла прыняць вывады, якія лагічна вынікалі з гэтых довадаў.

— Можа быць, можа быць! — пачаў траціць раўнавагу Антон. — Дык чаго ж ты хочаш? Загінуць? Можа, табе жыць агоркла?

Зоська ўздыхнула, павярнулася да яго тварам, узялася за вялікі гузік на яго кажусе.

— Антон, ты разумееш… Каму жыць не хочацца? Я ж зусім і не жыла яшчэ, можна сказаць. Але што ж ты прапануеш? Ісці да фашыстаў? Што ж гэта такое? Гэта ж горш, чым нават смерць. Тут трэба згубіць сумленне. Яны ж чума дваццатага стагоддзя. Супраць іх увесь свет. З імі ж жыць немагчыма, яны ж звяры.

— Ну, гэта гледзячы для каго звяры. Калі з імі па-добраму…

— Ты жартуеш: па-добраму! Яны вунь колькі перабілі і тых, хто з імі па-добраму і па-дрэннаму, і тых, хто ніяк. Людзі для іх — жывёла на ўбой, а не людзі.

— Ну ладна! — сказаў ён нецярпліва. — Я хіба кажу, што яны — золата? Але ж у нас няма выбару. Што ж нам рабіць? Яны — сволачы, але ж яны перамогуць. Мы ж павінны з гэтым лічыцца.

— Па-першае, яшчэ не перамаглі. I ці перамогуць, яшчэ невядома. Нават калі ўзялі Сталінград і возьмуць Маскву. Ёсць яшчэ Урал, Сібір…

— Што ў той Сібіры…

— Мы — людзі. I мы ніколі не пагодзімся з імі, нават калі яны і перамогуць. Ты кажаш, што няма выбару. Выбар ёсць: або мы, або яны. Во ў чым наш выбар.

— Да-а, — сказаў ён, памаўчаўшы. — Здорава, аднак, цябе напрапагандавалі.

— Прапаганда тут ні пры чым. Я сама гэта ведаю. Бо маю вочы і вушы, Таму лепей давай не будзем. Давай забудзем гэтую нашу размову. Яе не было, так?

— Размову можна забыць, — апалым голасам сказаў Антон. — Аднак лягчэй ад таго не будзе. Трэба нешта рабіць.

Ён быў расчараваны і баяўся, што ўсё сапсаваў, калі пачаў вось так, напрасткі. Мабыць, трэба было інакш — танчэй, з падыходам. А ён у лоб ляпнуў сваю прапанову. Цяпер вось атрымлівай. Цяпер ён і не ведаў, з якога боку да яе падступіцца. Здаецца, усе свае козыры ён ужо выклаў у гэтай гульні і ні на крок не пасунуўся да сваёй мэты.

Антону надакучыла таптацца на мокрым снезе ў варотах, і ён адышоўся далей, знайшоў камень, падкаціў яго бліжэй да выхаду і, сеўшы, прысланіўся да шула. Праз тры крокі ад яго з гаротным выразам твару стаяла Зоська. Было відавочна, што адносіны паміж імі набывалі новы характар і трэба было зараз жа штось зрабіць, каб уратаваць іх і разам сябе таксама. Але Антон быццам забрыў у тупік і не ведаў, што можна было прыдумаць, чым падзейнічаць на гэтую яе неразумную ўпартасць.

— Зося! — сказаў ён пасля даўгой паўзы. — Я думаў, ты мяне сапраўды кахаеш?